BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кавалеўскі: Сесія Рады па правах чалавека ААН  – магчымасць прыцягнуць увагу да Беларусі

Госць Рацыі – прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па замежных справах Валерый Кавалеўскі. Палітык зараз знаходзіцца ў Жэневе. Тут праходзіць сесія Рады па правах чалавека ААН.

Валерый Кавалеўскі: Учора ў Жэневу прыбыла Святлана Ціханоўская. І я знаходзіўся ў складзе яе дэлегацыі. Тут распачала працу сесія Рады па правах чалавека ААН. Беларуская тэма якраз знаходзіцца сярод прыярытэтных для ААН. Учора Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у мерапрыемстве, прысвечаным сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. І канешне вельмі шмат было пра што сказаць: і пра дзейнасць праваабаронцаў, і пра дзейнасць СМІ, і пра грамадзянскую супольнасць. Але асаблівая ўвага была нададзена сітуацыі з палітвязнямі. Вельмі многія з іх знаходзяцца ў рэжыме incommunicado, то бок, без аніякай сувязі са знешнім светам. Пра найбольш вядомых асобаў мы не ведаем ужо больш за год. І менавіта гэта было магчымасцю прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі, нагадаць пра тое, што сітуацыя пагаршаецца і яна можа пагаршацца і надалей. І што ў гэтай сувязі будзе рабіць міжнародная супольнасць. Бо мы не хацелі б паўтарэнняў найбольш негатыўных сцэнароў таго, што можа адбывацца ў Беларусі. Канешне, забойства Аляксея Навальнага стала тым момантам, які нагадаў пра тое, што рэжымы і Лукашэнкі, і Пуціна ставяцца без аніякай павагі да чалавечага жыцця, да чалавечых каштоўнасцяў. І гэты момант нагадаў нам пра тое, што магчымыя і больш складаныя і адмоўныя сцэнары.  Літаральна адразу пасля гэтага з’явілася інфармацыя пра смерць Ігара Ледніка – вядомага беларускага актывіста. Таму тэматыка вельмі вострая для нас і месца для таго, каб падымаць гэтыя пытанні, самае правільнае.

РР: Мы зноўку кажам, што праблема ёсць і мы пра яе на міжнародным роўні расказваем. Можа ўжо з’явіліся нейкія іншыя механізмы, акрамя як будуць выказваць нашыя замежныя партнёры словы занепакоенасці?

Валерый Кавалеўскі: Так, сапраўды, словы занепакоенасці – гэта важна. Але зараз працуе ўжо некалькі механізмаў, якія збіраюць дадзеныя пра парушэнні правоў чалавека. Вельмі важна сістэматызаваць гэтую інфармацыю, бо па любой крымінальнай справе трэба правільна збіраць дакументы, сведчанні пра злачынствы. І ўжо некалькі гадоў такая праца вядзецца. На чым настайваем зараз мы – каб усе гэтыя матэрыялы станавіліся часткай крымінальнага пераследу. Ёсць міжнародныя механізмы – гэта і Крымінальны суд ААН, і Міжнародны суд ААН. Яны займаюцца пытаннямі злачынстваў супраць чалавечнасці, злачынстваў агрэсіі, ваенных злачынстваў – гэта ўсё тое, пад што, на вялікі жаль, падпадае рэжым Лукашэнкі. Ён ужо наслядзіў ў вельмі многіх рэчах і  яго ўжо можна судзіць па вельмі розных прыкметах. І зараз нашая задача дамагчыся таго, каб ад збора дазеных перайсці далей, каб існыя механізмы пераўтваралі іх ужо ў інструменты пераследу супраць рэжыму Лукашэнкі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя