BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Суверэнітэт, незалежнасць Беларусі вельмі моцна аслаблены”

Далейшая эскалацыя палітычнага канфлікту, альбо перамовы? Пра сітуацыю на літоўска-беларускай мяжы, адносіны паміж краінамі ды пра сцэнары развіцця падзей далей гутарым з нашым Госцем Рацыі, а гэта – кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі. Пра гэта з ім размаўляе Улад Грынеўскі, але таксама і пра Міжнародны дзень абароны правоў чалавека, які адзначаецца сёння, 10 снежня.

Валер Кавалеўскі

РР: З Вамі размаўляем у Міжнародны дзень абароны правоў чалавека. І калі гаварыць пра Беларусь, то размова можа быць вельмі доўгай.

Валерый Кавалеўскі: Можна вельмі доўга расказваць пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, а можна вельмі коратка сказаць, што на сённяшні дзень парушаюцца ўсе правы чалавека. Гэта і грамадзянскія, і палітычныя, і сацыяльныя, культурныя, эканамічныя правы – усё тое, што абаронена Міжнародным правам, тое, што замацавана ў беларускім нацыянальным заканадаўстве. Ён нават не спрабуе выконваць свае ўласныя законы, якія мяняюць, каб дапасаваць сітуацыю ў Беларусі да рэпрэсіўнага рэжыму. Адна з такіх праяваў – гэта тое, як абыходзяцца з людзьмі ў турмах. Гэта найбольш уразлівая група людзей, якія сталі палітычнымі вязнямі праз свае перакананні, нават не абавязкова праз палітычную дзейнасць. Менавіта таму вельмі важна сёння засяродзіцца менавіта на тэме вызвалення палітвязняў у Беларусі. І праз гэтую працу таксама дамагацца таго, каб змяншаліся рэпрэсіі ў Беларусі да таго моманту, калі яны ўвогуле не спыняцца.

РР: Адзін праваабаронца ў нашым эфіры зрабіў параўнанне сітуацыі з палітвязнямі, што гэта шкляныя дзверы, якія круцяцца, з аднаго боку людзі выходзяць, а з другога – заходзяць. І відаць няма ніякага механізму, каб гэта пераламаць, бо зараз усе рашэнні знаходзяцца там, у Беларусі.

Валерый Кавалеўскі: Так, сапраўды, але памятаем, што на сённяшні дзень сітуацыя выглядае вельмі неспрыяльнай, вельмі песімістычнай. Але памятаем, што рэпрэсіі пры Лукашэнку існавалі заўсёды. І калі мы ўсведамляем тое, што могуць быць змены да горшага, то мы абавязкова павінны ўлічваць, што могуць быць змены і да лепшага. І пытанне толькі ў тым, што мы робім дзеля таго, каб змяніць сітуацыю да лепшага, каб знізіць ровень рэпрэсій, каб змякчыць іх як мінімум на гэтым этапе. І каб у рэшце рэшт прыйсці да моманту, калі рэпрэсіі ў Беларусі спыняцца ўвогуле. Бо гэта адбіваецца на нацыянальных інтарэсах, на інтарэсах грамадства. І ў суме гэта ўсё робіць краіну слабейшай. І мы сёння бачым, наколькі гэта кепска адбіваецца на ўсёй краіне, як дзяржаве, як на суб’екце міжнароднага права. Суверэнітэт, незалежнасць Беларусі вельмі моцна аслаблены.

ЕЗ пашырыць санкцыі супраць Беларусі праз палёты кантрабандных паветраных шароў, пра гэта паведамляе “Радыё Свабода” са спасылкай на свайго карэспандэнта. Прадстаўнікі краін Еўрапейскага Звяза ў Бруселі дасягнулі дамоўленасці аб пашырэнні санкцый супраць Беларусі.

Цалкам гутарка:

Беларускае Радыё Рацыя