Беларусь вызваліла 52 палітычных зняволеных, сярод якіх — прадстаўнікі апазіцыі, журналісты, удзельнікі пратэстаў, а таксама грамадзяне заходніх краін. Гэтае рашэнне супала з абвяшчэннем прадстаўніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла пра зняцце санкцый з авіякампаніі «Белавія» і план вяртання амбасады ЗША ў Менск.

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі назваў тое, што адбылося, «дыпламатычным поспехам Амерыкі»:
– Мы бачым, што людзі страчваюць здароўе, некаторыя страцілі сваё жыццё. Таму вызваленне можна толькі вітаць. Тое, што амерыканскі і беларускі бок дасягнулі гэтай дамоўленасці пра вызваленне людзей. Я тут аддаю належнае тым падыходам, якія былі абраныя Злучанымі Штатамі. Гэта актыўная дыпламатыя, гэта стрыманыя камунікацыі, гэта выкарыстанне санкцый як інструмента для таго, каб вызваляць людзей.
Кавалеўскі таксама адзначыў, што аналагічны сцэнар могуць выкарыстаць і іншыя краіны, у тым ліку Польшча:
– Я так разумею, што некаторыя польскія грамадзяне таксама былі сёння вызваленыя. Яны магчыма будуць спрыяць таму, каб польскі бок пераглядзеў вось гэтыя захады, гэтую блакаду Беларусі. Бо гэта не на карысць нікому. Зняцце санкцый супраць «Белавія» я разглядаю як вельмі важны крок у аднаўленні мабільнасці беларусаў, якія моцна пацярпелі. Вельмі важна, каб у Беларусі дзейнічала паўнавартасная амерыканская амбасада.
На думку Кавалеўскі, адкрыццё беларуска-польскай мяжы можа стаць дыпламатычным інструментам для вызвалення Анджэя Пачобута, вядомага журналіста і актывіста польскай меншасці ў Беларусі.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






