Спецпрадстаўнік Дональда Трампа па Украіне Кіт Келаг заявіў, што ЗША “на баку” Украіны, і любая здзелка па спыненні баявых дзеянняў з Расеяй павінна гарантаваць адсутнасць “наступнай вайны”. Келаг таксама назваў Зяленскага “баявым і мужным лідарам краіны, якая знаходзіцца ў стане вайны”.

Кадр з відео.
Як піша Sky News, каментары Келага рэзка кантрастуюць з агрэсіўнай рыторыкай прэзідэнта ЗША, які назваў украінскага лідара Уладзіміра Зяленскага “дыктатарам” і заявіў, што вайну пачала Украіна.
Як адзначае выданне, падчас трохдзённага візіту Келага ў Кіеў вельмі мала яго сустрэч было апублікавана.
Сярод іншага Келаг наведаў ваенны шпіталь у Ірпені пад Кіевам і пагутарыў з украінскімі вайскоўцамі.
“Галоўная прычына, з якой я хацеў прыехаць сюды, — гэта тое, што прэзідэнт Трамп заявіў, што хоча спыніць забойствы, і вы павінны адправіцца туды, дзе вы ўбачыце, як выглядае забойства — як выглядае смерць — і ўбачыце маладых мужчын і жанчын, якія былі паранены і змагаліся”, — сказаў ён.
Адзін з салдат спытаў генерала Келага, ці можна давяраць Расеі, у тым, што яны будуць весці перамовы.
Келаг адказаў, што “ўсе войны заканчваюцца перамовамі, канчатковая перамога на полі бою заканчваецца дыпламатыяй, і сённяшні свет не з’яўляецца выключэннем”.






