Афіцыйны Кіеў рыхтуе кандыдатуру спецпрадстаўніка ў справах Беларусі. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

«Украінскія інтарэсы павінны быць прадстаўленыя на афіцыйным узроўні і ў кантактах з супольнасцямі з тых краін, якія яшчэ ня маюць свабоды або знаходзяцца пад расейскім уплывам. Будуць змены ў дыпламатычным корпусе. Таксама МЗС рыхтуе кандыдатуру для прызначэння спецпрадстаўніка ў справах Беларусі і беларускай супольнасці ў Еўропе. Патрэбная больш актыўная палітыка», – адзначыў ён.
Зяленскі ўпершыню ўзгадаў адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ў звароце да ўкраінцаў, раней ён упамінаў пра прызначэнне спецпрадстаўніка ў размове з журналістамі. Уведзеныя нядаўна санкцыі супраць Лукашэнкі Украіна разглядае толькі як першы крок і ўжо рыхтуе прававую базу для далейшага ўзмацнення санацыйнай палітыкі з прычыны падтрымкі вайны супраць Украіны. Паводле Зяленскага, санкцыі будуць распаўсюджвацца ня толькі на самога Лукашэнку, але і на яго бліжэйшае атачэнне, у тым ліку на членаў сям’і.






