BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ціханоўская ўдзельнічала ў дыскусіях асноўнай праграмы Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе

Святлана Ціханоўская выступіла на панэльнай дыскусіі «Абараняючы адзіны фронт Еўропы» на тэму бяспекі ў рэгіёне.

Акрамя яе спікерамі былі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзідэнт Венгрыі Каталін Новак, прэм’ер-міністр Харватыі Андрэй Плянковіч, міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба і журналістка Рула Халаф.

Таксама лідарка дэмакратычных сіл выступіла на панэльнай дыскусіі «Куды рухаецца свабода слова?», падчас якой распавяла прысутным пра рызыкі, з якімі сутыкаюцца беларусы ўнутры краіны, спрабуючы здабыць праўдзівую інфармацыю, і заклікала палітыкаў дэмакратычных краін да больш рашучых дзеянняў у дачыненні да дыктатараў.

Разам са Святланай Ціханоўскай спікерамі сталі выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Тырана Хасан, іранскі журналіст Тагі Рахмані, шэф-рэдактар Deutsche Welle Мануэла Каспер-Кларыдж, выканаўчы рэдактар The New York Times Джозеф Кан.

Сусветны эканамічны форум – швейцарская няўрадавая арганізацыя, створаная ў 1971 годзе, найбольш вядомая штогадовымі сустрэчамі ў Давосе, на якія запрашаюцца палітычныя лідары, прадстаўнікі бізнесу, вядомыя мысліцелі і журналісты. Прадметам дыскусій форуму з’яўляюцца найбольш вострыя сусветныя праблемы.

Крыніца: @CabinetBelarus