BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Кіраўнік ЦВК заявіў, што за членамі выбарчых камісій сачылі замежныя спецслужбы

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.

У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазіцыйных партый і незалежных грамадскіх арганізацый. У працы выбарчых камісій на прэзідэнцкіх выбарах 26 студзеня 2025 года будуць задзейнічаны каля 60 тысяч чалавек, сказаў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка на сустрэчы з калектывам і студэнтамі Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі. Ён дадаў, што спісы персанальнага складу чальцоў выбарчых камісій публікавацца не будуць. «Дакладна даказана, што такія спісы станавіліся аб’ектам вывучэння спецслужбаў шэрагу дзяржаў, якія пераследвалі пэўныя мэты. Пасля пачынаўся своеасаблівы булінг гэтых людзей», — цытуе Карпенку БелТА.

З 2001 года вынікі выбараў у Беларусі не прызнае міжнародная супольнасць і незалежныя назіральнікі. У 2020 годзе ўлады Беларусі накіравалі запрашэнне для назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ на прэзідэнцкія выбары са спазненнем. Арганізацыя адмовілася накіроўваць сваіх прадстаўнікоў. Тая кампанія скончылася масавымі затрыманнямі, а супраць удзельнікаў пратэстаў ужылі зброю. Дзясяткі тысяч людзей трапілі за краты, сотні тысяч вымушаны былі эміграваць.