Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што закрые ўсе расейскія консульствы ў краіне, «калі Масква працягне здзяйсняць дыверсіі». Такім чынам кіраўнік польскай дыпламатыі пракаментаваў нядаўняе закрыццё польскага консульства ў Санкт-Пецярбургу.

У інтэрв’ю тэлеканалу TVP World Радаслаў Сікорскі нагадаў, што ў дачыненні да расейскіх дыпламатаў ужо былі ўведзеныя абмежаванні на перамяшчэнне па тэрыторыі Польшчы.
«Гэтага было для іх дастаткова — даць ім зразумець, што мы ведаем, чым яны займаюцца. Таму мы распачалі наступны крок, і калі дыверсіі і тэрарызм працягнуцца, я закрыю ўсе астатнія расейскія консульствы ў Польшчы», — сказаў кіраўнік польскага МЗС.
Раней стала вядома, што Расея закрыла польскае консульства ў Санкт-Пецярбургу ў адказ на закрыццё расейскай дыпмісіі ў Познані. Масква расцаніла такія дзеянні як «варожую палітыку ў дачыненні да Расеі».
Польшча адклікала дазвол на працу расійскага консульства ў Познані праз акты сабатажу, як мяркуецца арганізаваныя Масквой, уключаючы хакерскія атакі і падпалы ва Уроцлаве.






