Латвійская кіроўная партыя «Новае Адзінства» вынесла на разгляд парламента Латвіі законапраект аб абмежаванні здзелак, якія могуць пагражаць нацыянальнай бяспецы краіны. Законапраект прадугледжвае забарону для грамадзян Беларусі і Расіі, а таксама падкантрольных ім юрыдычных асоб, набываць нерухомасць у Латвіі.

Мэта законапраекта — «прадухіліць шкодную і небяспечную з пункту гледжання дзяржаўных інтарэсаў Латвіі дзейнасць, а таксама не дапусціць абыходу санкцый» гэтымі краінамі.
Плануецца, што абмежаванні не будуць распаўсюджвацца на асоб, якія атрымалі статус пастаяннага жыхара Еўразвязу або дазвол на пастаяннае пражыванне ў Латвіі ў адпаведнасці з законам «Аб іміграцыі».
20 студзеня ўрад Латвіі таксама ініцыяваў забарону для грамадзян Беларусі працаваць на аб’ектах крытычнай інфраструктуры.