Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Кірыл Буданаў стаў новым кіраўніком Офіса прэзідэнта. Пра гэта паведаміў у тэлеграме прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Паводле слоў Зяленскага, падчас сустрэчы ён прапанаваў Буданаву ўзначаліць Офіс прэзідэнта ў сувязі з неабходнасцю большай засяроджанасці на пытаннях бяспекі, развіцця Сіл абароны і дыпламатычных перамоваў. Прэзідэнт падкрэсліў, што Буданаў мае адпаведны досвед і патэнцыял для дасягнення вынікаў на гэтых кірунках.
Таксама Зяленскі даручыў новаму кіраўніку Офіса прэзідэнта сумесна з сакратаром РНБА і іншымі дзяржаўнымі інстытутамі абнавіць і прадставіць на зацвярджэнне стратэгічныя асновы абароны і развіцця краіны.
28 лістапада 2025 года з пасады кіраўніка Офіса прэзідэнта сышоў Андрэй Ярмак. Прэзідэнт Украіны тады заявіў пра неабходнасць перазагрузкі працы Офіса.
Кірыл Буданаў нарадзіўся ў 1986 годзе ў Кіеве. Скончыў Адэскі інстытут Сухапутных войск (2007), пасля чаго пачаў служыць у атрадзе спецпрызначэння Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны, дзе займаў розныя пасады. З вясны 2014 года браў удзел ва ўзброеным канфлікце на ўсходзе Украіны. Меў баявыя раненні.
5 жніўня 2020 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў палкоўніка Буданава начальнікам Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. 3 красавіка 2022 года прысвоены вайсковы ранг генерал-маёр.






