BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Кітай можа ўплываць на лукашэнкаўскі рэжым”

Польска-беларуская мяжа адкрываецца, і гэта добрыя навіны. У ноч х 24 на 25 верасня да працы вернуцца памежныя пераходы, што закрываліся ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025». Пра гэта напярэдадні абвясціў польскі ўрад. Палітычныя фактары далей абмяркоўваем у нашым эфіры. Тут склаліся інтарэсы Польшчы і Беларусі, Еўразвязу і Кітаю. Госць Радыё Рацыя – Анатоль Лябедзька, дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе Офісу Святланы Ціханоўскай.   

Палітык Анатоль Лябедзька
Палітык Анатоль Лябедзька

РР: Першае, што хацелася б абмеркаваць, гэта, вядома, справа мяжы, якое вельмі моцна стаяла, развівалася. Польскі ўрад паведаміў, што тыя ўчасткі беларускай мяжы, якія былі закрытыя ў сувязі з вучэннямі “Захад -2025” зараз ужо адкрываюцца. І такая, здаецца, добрая навіна.

Анатоль Лябедзька: Безумоўна, навіна добрая, прыемная, у нейкай ступені, якую чакалі, але ўсё ж такі пэўная трывога была, усё ў наш час здараецца. Хаця мы прагназавалі, што мяжа будзе адкрытай. Але гэта нервовая сітуацыя для многіх беларусаў, і добра, што яна вырашылася такім чынам.

РР: Мяжа адкрываецца, зноў паедуць аўтобусы, а таксама грамадскі транспарт, цягнікі паедуць. Тут жа звязаная і Еўропа, і Кітай, і Польшча. І з’явілася інфармацыя, што будзе адкрытая мяжа, і вельмі багата каментарыяў пра што дамовіліся ці не дамовіліся і для чаго гэтыя рашэнні менавіта зараз з’явіліся. Як вы можаце прааналізаваць сітуацыю, бо вельмі часта я сустракаў такія каментарыі ў сацыяльных сетках, што вось неўзабаве ад Аляксандра Лукашэнкі чакаем нечага такога важнага. Што было менавіта саступкай?

Анатоль Лябедзька: На ваша пытанне дакладна адкажа толькі час. Натуральна, што тут няма простых рашэнняў, 1+1=2. Тут некалькі фактараў, якія вы адзначылі  – гэта і Польшча, гэта і Кітай, гэта і Беларусь, гэта і Еўрапейскі звяз. То бок гульцоў тут было багата, тут можа быць як кароткатэрміновы такі вынік, так і можна глядзець на сітуацыю ў сярэднетэрміновай перспектыве. Хтосьці кажа, што Польшча прайграла, хтосьці кажа, што Лукашэнка выйграў, яшчэ хтосьці кажа, што тут Кітай набраў такія пазітыўныя ачкі.

Мне падаецца, што нельга сказаць, што тут нейкі відавочны пераможца і хто нехта такі аўтсайдэр. Кожны бок, які прымаў удзел у закрытых перамоўных працэсах, у выніку атрымоўвае нешта для сябе. Пытанне толькі адсоткаў, у каго можа быць 50%, а ў каго 10%. Гэта была такая добрая трэніроўка для разумення таго, што можа быць далей.

Можам зараз спрагназаваць, калі раней часта гучалі такія заклікі, вось калі б Польшча перакрыла грузапаток, то адбылося б тое і тое. Вось зараз гэта адбылося, і мы можам зараз не ў тэорыі разважаць, а паглядзець і зразумець, што гэта інструмент актуальны, ён працуючы, але яго нельга выкарыстоўваць шмат разоў, каб не дэвальваваць. Трэба своечасова як закрыць мяжу, так і адкрыць. Гэта, як варыць яйка ўсмятку, тры хвіліны – гэта самае тое, адна – гэта дрэнны вынік, пяць хвілін – зноў жа не тое, на што вы разлічваеце. Тут якраз для ўрада Туска, для Польшчы быў бы важны таймінг, не перабраць час і не закрыць гэта рашэнне датэрмінова. Мне падаецца, што Польшча тут больш-менш вытрымала гэтыя дэдлайны. І мы можам прагназаваць, што закрыцця восенню не будзе. І мы бачым, што Кітай даволі важны гулец, ён можа ўплываць на лукашэнкаўскі рэжым.

Цалкам гутарка:

На палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку, беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская сустрэлася з шэрагам палітыкаў. Офіс дэкларуе, што гэта «магчымасць нагадаць: пакуль у Беларусі за кратамі застаюцца тысячы чалавек, а рэжым працягвае рэпрэсіі і падтрымлівае вайну супраць Украіны, міжнародная супольнасць павінна трымаць нашую краіну на парадку дня».

Беларускае Радыё Рацыя