Дзейнасць Каардынацыйнай рады і яе будучыню абмеркавалі ў межах варшаўскай канферэнцыі “Новая Беларусь”. Падзеі вакол Каардынацыйнай рады як прадстаўнічага органа не аднойчы выклікалі вострыя дыскусіі, не абышлося без інцыдэнту і падчас канферэнцыі. Спачатку залу пасяджэння на знак нязгоды з мадэрацыяй пакінула прадстаўніца фракцыі “Моладзевы наступ” Лізавета Пракопчык, пазней у яе падтрымку выйшаў з залі і Аляксандр Кныровіч з фракцыі “Беларусы”.

У каментары нашаму радыё Кныровіч пагадзіўся, што сама сітуацыя ў пэўным сэнсе адлюстроўвае ўсё тое, што адбываецца вакол і ўнутры КР:
-Тое, што гэта адбылося, канешне, не ўскосна адлюстроўвае цалкам нейкі разлом дыскусіяў унутры наконт таго, для чаго мы існуем, па якіх правілах мы існуем і так далей. Тое, што адбылося, адлюстроўвае становішча.
РР: А якія шанцы ўсё ж такі дамовіцца?
-Каб дамовіцца, трэба размаўляць.
Аляксандр Кныровіч дадаў, што яго дэмарш датычыць выключна гэтай канкрэтнай сітуацыі, хоць прызнаў, што ўнутры фракцыі ён з паплечнікамі абмяркоўвае далейшую стратэгію і пытанне, ці павінны яны заставацца ў Каардынацыйнай радзе.
Беларускае Радыё Рацыя






