Беларусь размясціла ў сумежных з Украінай Берасцейскай і Гомельскай абласцях да дзвюх тысяч вайскоўцаў, 24 артылерыйскія ўстаноўкі і тры рэактыўныя сістэмы залпавага агню, імаверна, «Паланэз». Пра гэта піша Свабода.

Украінскі вайсковы аглядальнік Канстанцін Машавец удакладніў, што недалёка ад Пінску Берасцейскай вобласці стаіць дэсантна-штурмавы батальён 38-й асобнай брыгады, 2 зводныя тактычныя аддзелы са складу 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, размешчаныя ў раёне вёскі Іванава Берасцейскай вобласці і каля вёскі Прыбалавічы на Гомельшчыне. Апроч таго, у раёнах Лельчыц, Брагіна і Зябраўкі Гомельскай вобласці знаходзіцца зводная тактычная група 51-й артылерыйскай брыгады, у раёне Зябраўкі — рэактыўная артылерыйская батарэя са складу 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады.
Канстанцін Машавец адзначыў, што такая канцэнтрацыя сілаў адбылася ў выніку праверак баявой гатоўнасці і ня мае прыкметаў наступальнай групоўкі.






