BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“КР паказвае ўстойлівасць і рэальны патэнцыял”

10 сакавіка пачалася падача выбарчых спісаў у Каардынацыўную раду. Кіраўнік Інстытута бяспекавых даследаванняў імя Касцюшкі Вадзім Мажэйка адзначыў, што КР за пяць з паловай гадоў стала ўнікальным феноменам беларускай палітычнай гісторыі і займела міжнароднае прызнанне:

Вадзім Мажэйка
Вадзім Мажэйка

Каардынацыйная рада, відавочна, гэта самы доўгажывучы, інклюзіўны, альтэрнатыўны лукашэнкаўскім структурам інстытут. Моцны бак – гэта яе легітымнасць. Каардынацыйная рада прызнаная, як прадстаўніцтва беларускага народа ў рэзалюцыях Еўрапарламента, Сейма Літвы, Сейма Польшчы. Каардынацыйная рада не мае тых паўнамоцтваў, тых рычагоў уплыву, якія існуюць у іншых прадстаўнічых органаў ва ўсім свеце, яна не можа быць заканадаўчай.

    Паводле Мажэйкі, вынікі выбараў будуць мець значэнне не толькі для КР, але і для агульнага ўспрымання актыўнасці беларускага дэмакратычнага грамадства ў выгнанні:

    Пажаданы вынік  – гэта не менш за тое, што было ў мінулы раз. Пажаданы вынік – гэта больш, чым было ў мінулы раз. Бо, канешне, па гэтым выніку ўсе будуць меркаваць не пра дасягненні самой Каардынацыйнай рады, а будуць меркаваць пра палітычную актыўнасць беларускага грамадства. Беларускае грамадства, пэўна, спіць, і яму палітыка не цікавая. І трэба размаўляць толькі з Лукашэнкам, на грамадства спадзявацца не варта, бо вы нават на выбарах сваіх не ўдзельнічае і не галасуеце.

    Важным паказнікам бяспекі, на думку эксперта, з’яўляецца тое, што за два гады пасля папярэдніх выбараў ніводзін чалавек не быў пакараны за ўдзел у галасаванні за кандыдатаў у КР. Як адзначае Вадзім Мажэйка, удзел у выбарах КР — гэта не толькі фармальнасць, але і магчымасць праверыць рэальную падтрымку кандыдатаў і іх каманд, паказаць здольнасць да сістэмнай дзейнасці і каманднай працы.

    Беларускае Радыё Рацыя