Памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў заявіў, што спыненне агню на 30 дзён — гэта нібыта «часовая перадышка для ўкраінскіх вайскоўцаў», а Расея выступае за доўгатэрміновае мірнае ўрэгуляванне на сваіх умовах.

Паводле яго слоў, ён падтрымлівае кантакты з дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Майкам Уолцам, паведамляе Інтэрфакс. Ушакоў заявіў, што ў гутарцы з Уолцам пракаментаваў дасягнутыя паміж ЗША і Украінай дамоўленасці аб часовым перамірʼі. «Выказаў нашу пазіцыю наконт таго, што гэта не што іншае, як часовая перадышка для ўкраінскіх вайскоўцаў. Больш нічога. Мы лічым, што наша мэта ўсё ж такі — доўгатэрміновае мірнае ўрэгуляванне. Мы да гэтага імкнемся. Мірнае ўрэгуляванне, якое ўлічвае законныя інтарэсы нашага боку», — сказаў ён. Ушакоў дадаў, што Пуцін адкажа на гэтае пытанне падчас сённяшняй прэс-канфэрэнцыі з Лукашэнкам.
Два дні таму ЗША падчас перамоваў у Саудаўскай Аравіі прапанавалі Украіне спыніць агонь на 30 дзён без папярэдніх умоў.