BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Крым павінен вярнуцца пад кантроль Украіны, – Эрдаган

Турэцкі прэзідэнт лічыць, што Украіна павінна поўнасцю аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць.

Фота: instagram.com/rterdogan

Расея павінна вярнуць Украіне кантроль над паўвостравам Крым. Пра гэта заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у відэазвароце да Чацвёртага саміту лідараў Крымскай платформы, піша турэцкае інфармагенцтва “Анадолу”.

“Наша падтрымка тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны з’яўляецца непахіснай. Вяртанне Крыма Украіне з’яўляецца патрабаваннем міжнароднага права”, – заявіў Эрдаган.

Ён падкрэсліў, што неабходнасць дэакупацыі паўвострава з’яўляецца пазіцыяй Турцыі, бо Анкара ніколі не прызнавала расейскую анэксію Крыма.

Турэцкі лідар таксама звярнуў увагу на “невыносны боль”, які адчулі крымскія татары з-за расейскай акупацыі, і паабяцаў прадоўжыць палітыку падтрымкі гэтага народа.

Завяршаючы свой выступ, Эрдаган акрэсліў шырэйшыя імкненні Анкары па канчатку развязанага Расеяй канфлікту.

Нагадаем, што турэцкі лідар заяўляе пра неабходнасць вяртання Крыма Украіне не ўпершыню. На агульнапалітычных дэбатах 76-й сесіі Генасамблеі ААН у 2021 годзе Эрдаган таксама заяўляў, што Турцыя не прызнае анэксію Крыма.

У 2022 годзе ён назваў вяртанне Крыма Украіне патрабаваннем міжнароднага права. Турэцкі лідар заяўляў, што анэксія паўвострава неканстытуцыйная і незаконная.

Такую ж заяву Эрдаган зрабіў у жніўні мінулага года.