Госця Рацыі – Крысціна Шыянок – прадстаўніца дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы. 16 – 17 сакавіка з афіцыйным візітам Прагу наведаў праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі. У Офісе дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі прайшла прэс-канферэнцыя, дзе ўдзельнічалі праваабаронцы і не толькі.

РР: Што гэта за прэс-канферэнцыя, якія яе мэты?
Крысціна Шыянок: Сам візіт Алеся Бяляцкага ў Чэхію, насамрэч, вельмі сімвалічны. Па-першае, гэта па сутнасці яго першы візіт з моманту як ён атрымаў дакументы той краіны, якая дала яму прытулак, і ён можа падарожнічаць. Ён спярша накіраваўся ў Жэневу, у Раду ААН па правах чалавека і адтуль прыехаў да нас у Чэхію. А другі аспект, у чым сімвалізм, што гэта былі высілкі адначасова некалькіх арганізацый, не толькі нашага Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы, але і шэрагу чэшскіх няўрадавых арганізацый. І гэта сведчыць пра тое, што яго прыезду ў Прагу многія чакалі. І я адчула падчас гэтага візіту неверагодную сінэргію не толькі ўнутры нашай беларускай дэмакратычнай супольнасці, але і ў дачыненні з нашымі чэшскімі партнёрамі. І, безумоўна, сімвалізм у тым, што Алесь Бяляцкі з’яўляецца носьбітам шэрагу ўзнагародаў, прэмій чэшскага паходжання. Гэта не першы прыезд Алеся сюды, яго ў свой час вітаў прэзідэнт Вацлаў Гавел, таму можна гаварыць пра пэўную гістарычную пераемнасць чэшскай падтрымкі ў дачыненні да асабіста спадара Бяляцкага, але і ўвогуле беларускай гарамадзянскай супольнасці і праваабарончай у прыватнасці.
У панядзелак зранку адбылася прэс-канферэнцыя ў Офісе дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі. Калі мы арганізоўвалі яе, то мы не ўсведамлялі, што насамрэч гэта першая маштабная прэс-канферэнцыя пасля вызвалення Алеся Бяляцкага.
РР: Гэта быў такі буйны дыялог з журналістамі, між іншым, замежнымі, так разумею, што пераважная большасць – гэта былі чэшскія журналісты?
Крысціна Шыянок: Чэшскія, таксама далучыліся польскія калегі, і асобна мы наведалі будынак “Радыё Свабода”, дзе яго вітала не толькі беларуская рэдакцыя, але ўсе службы і часткова кіраўніцтва радыё. І гэта былі вельмі кранальныя моманты. Журналістам і журналісткам было не толькі цікава пачуць інфармацыю з вуснаў беларускага госця, але пабачыць гэты, можна сказаць, унікум, калі ў адной асобе мы маем па сутнасці найвыбітнейшага беларускага праваабаронцу і адначасова лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, носьбіта шэрагу чэшскіх прэмій і адначасна двойчы былога палітзняволенага лукашэнкаўскага рэжыму, які агулам правёў сем гадоў за кратамі.
Апроч інфармацыйнай часткі ў гэтым візіце быў шэраг для нас істотных палітычна-дыпламатычных сустрэч. І тут варта зазначыць, што спадара Бяляцкага асабіста прывітаў чэшскі прэзідэнт, сустрэча праходзіла ў Пражскім градзе, яна доўжылася паўгадзіны і была вельмі насычанай, таму што гаворка вялася не толькі пра геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне, але і пра гістарычную пераемнасць і пра тое, што з пункту гледжання доўгатэрміновай перспектывы варта рабіць больш высілкаў дзеля таго, каб адасобіць лукашэнкаўскі рэжым ад беларускага народу. І таксама ўвага была нададзена пытанням дапамогі тым палітвязням, якія ўсё яшчэ застаюцца за кратамі. І мы спадзяёмся, што ў бліжэйшыя дні частка з іх будзе вызваленая, дзякуючы высілкам дыпламатыі ЗША. Вельмі хацелася, каб Чэхія стала той краінай, якая пачне прымаць умоўна дэпартаваных з Беларусі нашых суграмадзян, і тым самым зможа дапамагчы раздзяліць нагрузку Літве і Польшчы.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






