Госця Рацыі – Ксенія Галубовіч, фатографка, публіцыст, вядомая сваімі гістарычнымі здымкамі з пратэстаў 2020 году, у прыватнасці Ксенія супрацоўнічала з французскім тэлеканалам ARTE.

РР: Нагодай для нашай размовы стала ваша нядаўняя публікацыя ў фэйсбуку, якая прысвечана настроям у Польшчы і ў Еўропе ў кантэксце вайны Расеі з Украінай. Як тут знайсці залатую сярэдзіны паміж алярмізмам, што Расея можа ўжо ў бліжэйшы час пачаць нейкія спецаперацыі ў краінах Балтыі, а можа і супраць Польшчы праз тэрыторыю Беларусі, гэта з аднаго боку, а з іншага боку, як ўсё ж такі захоўваць халодную асэнсаванасць і ўсё гэта ацэньваць неяк аб’ектыўна. Можаце падзяліцца сваім досведам?
Ксенія Галубовіч: Так, я думаю, што мой вопыт дастаткова вялікі, таму што апошнія чатыры гады я вельмі шмат часу праводжу, і па працы, і проста з сябрамі, ва Украіне, і назіраю там за працэсамі вельмі блізка. І слухаю меркаванні людзей – і экспертаў, і звычайных людзей, і вайсковых. Тут мне здаецца, вельмі важна помніць, што вялікая частка вайны – гэта вайна інфармацыйная. І яе нельга не даацэньваць.
Яна адбывалася ва Украіне яшчэ з 2014 года. І тады на гэта не звярталі дастатковай ўвагі. А тое, што адбываецца зараз, і ў балтыйскіх краінах, і ў Польшчы, і ў Германіі, і ў Францыі – гэта рознымі гібрыдна-прапагандысцкімі метадамі Расея праз маргінальныя партыі і нейкія ячэйкі спрабуе ўплываць на грамадскае меркаванне.
У Польшчы, напрыклад, самая вялікая рызыка гэтае тое, як маштабіруецца працэс нелюбові да ўкраінскіх мігрантаў, адбываецца маніпуляцыя з тэмай Бандэры, Валыні. Так, у гэтым сапраўды ёсць гістарычны кантэкст, але як яго выкарыстоўваюць – гэта зусім іншая справа.

РР: Выкарыстоўваюць па прынцыпе – падзяляй і ўладар. Сапраўды гэта частка інфармацыйнай вайны.
Ксенія Галубовіч: Так, таму што, напрыклад, перад акупацыяй Крыма ў 2010 годзе партыя «Русское единство» мела там толькі 4% галасоў. Яна былі абсалютна маргінальнай меншасцю, і напэўна людзі проста не звярталі ўвагі і не разумелі, якая гэта вялікая пагроза. А ўжо праз 4 гады лідар партыі стаў кіраўніком незаконнай гэтай Рады пасля акупацыі.
РР: Той самы “Гоблін”, вядомы ў крымінальным свеце?
Ксенія Галубовіч: І гэта ўсё часам адбываецца таксама і ў Польшчы. Усе смяяліся з Браўна, з Канфедэрацыі, але часам людзі вельмі не даацэньваюць такія з’явы, калі туды ўліваюцца грошы і працэсы гэтыя нехта падтрымлівае, падліваюць алею ў агонь, і яны вельмі хутка могуць разрастацца. Асабліва гэта эфектыўна дзейнічае на моладзь. Мы гэта бачылі ў Польшчы перад выбарамі, калі вельмі маладыя людзі падтрымлівалі тую ж Канфедэрацыю.

РР: І ксенафобскія выказванні гучалі вельмі адкрыта і публічна. У гэтай сувязі я часта чую такі контраргумент, маўляў, Расея не можа пачынаць нейкую новую вайну, адкрываць сабе новы фронт, бо яна і так загразла ва Украіне. І што гэта проста інфармацыйная вайна, каб адцягнуць сродкі і менш дапамагаць Украіне.
Ксенія Галубовіч: З аднаго боку так, а з другога – мы бачым, што Расея зараз, як сказаў бы Трамп, мае ўжо не тыя карты на руках. Нядаўна мы пабачылі, што здарылася з Бранскім заводам. І настроі ў грамадстве трошкі пачынаюць змяняцца. Людзі стомленыя. Гэта не значыць, што яны пачалі падтрымліваць Украіну, ці не любіць Пуціна, але ў цэлым грамадства ўсё роўна стамляецца.
Частка перастае заўважаць вайну, частка стамляецца, ужо не схаваеш сотні тысяч загінулых, і таму ім трэба неяк гэты эфект перакрываць. І гэта таксама праблема.
Людзі ўяўляюць вайну, што вось заўтра прыедуць нейкія танкі. Не, я таксама не думаю, што заўтра ў Літву, ці ў Польшчу, ці ў Эстонію заедуць танкі. Але мы ведаем, што вайна цяпер вядзецца зусім па-іншаму. Гэта ў асноўным дроны, якіх проста велізарная колькасць. І толькі ва Украіне ёсць унікальны досвед добрай абароны ад гэтага.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Вольгі Шукайла.






