Новая міграцыйная стратэгія польскай дзяржавы не закране «абсалютную большасць беларусаў», якія «легалізаваліся або плануюць легалізавацца» ў краіне, заявіў кіраўнік Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы (UDSC) Томаш Цытрыновіч на сустрэчы з намеснікам старшыні АПК, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам.

Пра вынікі сустрэчы Латушка паведаміў у сваім тэлеграм-канале. Паводле словаў Цытрыновіча, польская стратэгія разлічана ў першую чаргу на стварэнне «надзейнай заслоны для нелегальнай міграцыі». Змены перш за ўсё будуць тычыцца тых, хто «атакуе мяжу, выкарыстоўваючы падтрымку памежнай службы Беларусі» і ўдзельнічаючы тым самым у «гібрыднай вайне Беларусі і Расеі супраць Польшчы».
Усяго, улічваючы справы, якія знаходзяцца на разглядзе ва ўпраўленні, у Польшчы знаходзяцца больш за 200 тысяч беларусаў. Кіраўнік упраўлення рэкамендаваў грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў краіне, прытрымлівацца дзеючых норм польскага заканадаўства і своечасова атрымліваць дакументы, якія адпавядаюць «рэальным абставінам знаходжання на тэрыторыі Польшчы».






