Так сказаў падчас анлайн-трансляцыі беларускі палітык Павел Латушка. Ён напярэдадні ў сацыяльных сетках праводзіў размову-справаздачу з беларусамі.
Сярод асобных станоўчых дасягненняў беларускіх дэмакратычных колаў, між іншым назваў эвакуацыю з Сербіі беларускага журналіста і рэжысёра Андрэя Гнёта. Зрабілі гэта дзякуючы супольным намаганням, каментуе Павел Латушка.
— Хацеў падзякаваць Андрэю Гнёту за тое, што ён публічна выказаў падзяку мне, камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, нашым юрыстам за тую дапамогу, якую мы аказалі для таго, каб ён быў на свабодзе, каб ён зараз знаходзіўся ў Германіі. Спадзяюся ў бліжэйшы час сустрэцца з ім. Гэта вынік сумеснай працы як офіса Святланы Ціханоўскай, так і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, адвакатаў. Было праведзена шмат акцый у розных гарадах. Мы прадэманстравалі, што калі мы разам, калі салідарныя, мы можам дасягаць мэтаў.
Андрэя Гнёта на мінулым тыдні эвакуявалі ў Берлін, хаця пытанні ў Сербіі яшчэ да канца не вырашыліся. Нагадаем, ён амаль год у Сербіі правёў пад хатнім арыштам. Улады на чале з Аляксандрам Лукашэнкам – аб’явілі журналіста ў міжнародны вышук па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, а сербскія суды доўга вырашалі ці экстрадзіраваць яго ў Беларусь.
Вырвацца з Сербіі дапамаглі і беларускія дэмакратычныя сілы, і адвакаты, і кожны з беларусаў, хто падтрымаў, згадвае Андрэй Гнёт.
— Гэта была вялізная камандная работа, мы назапашвалі крытычную масу. Абсалютна ўсе, хто датычыўся гэтага кейса, дапамагалі назапасіць гэтую крытычную масу. І гэтая крытычная маса ў добрым сэнсе слова выбухнула. Калі б мы яе не назапасілі, то нічога не ўдалося б.
Юрыдычна ў Сербіі працягваецца экстрадыцыйная працэдура Андрэя Гнёта, толькі змянілася мера ўтрымання, тлумачаць адвакаты. Сам рэжысёр і журналіст у бяспецы на тэрыторыі Еўразвязу.
Больш на гэту тэму сёння ў праекце «Месца для прэсы» а 20.05 паводле беларускага часу, у Польшчы на две гадзіны раней.
Беларускае Радыё Рацыя