BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Латушка: Чакаем канкрэтных юрыдычных крокаў ад іншых краін

Далучаюцца іншыя краіны. І гэта вельмі важная інфармацыя, кажа беларускі палітык Павел Латушка.

Нагадаем, Літва ініцыявала зварот ў Міжнародны крымінальны суд для расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам і яго атачэннем. Латвія падтрымала літоўскую ініцыятыву. Такі, між іншым, вынік сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўніка народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з амбасадарам Латвіі ў Польшчы. Падрабязнасці даведаўся Улад Грынеўскі.

РР: Хацеў бы, каб мы зрабілі акцэнт менавіта на ўчорашняй інфармацыі. Вы сустракаліся з амбасадарам Латвіі ў Польшчы, і, між іншым, прыйшла інфармацыя пра тое, што Латвія афіцыйна таксама падтрымае зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд.

Для нас вельмі важнай з’яўляецца падтрымка з боку ўрадаў дэмакратычных краін звароту ўрада Літвы ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда па расследаванні сітуацыі ў Беларусі, звязанай са злачынствамі супраць чалавечнасці. Гэта гвалт, тэрор у дачыненні да беларусаў, а таксама пераслед беларусаў, якія вымушана пакінулі тэрыторыю Беларусі, фактычна дэпартаваныя. Важна, каб як мага больш краін — удзельнікаў Рымскага статута — падтрымалі гэты зварот, тады гэта надасць больш шпаркі бег у разглядзе гэтай справы як у офісе пракурора, так і на пазнейшых этапах.

Мы праводзім адпаведную адвакацыйную працу, і адбылася сустрэча з амбасадарам Латвіі ў Варшаве, Юрысам Пойкансам, падчас якой мы прадставілі канцэптуальную ноту менавіта тых галоўных тэзісаў, чаму ёсць падставы, і неабходна разглядзець гэтую справу менавіта ў Міжнародным крымінальным судзе. Для нас важна, што Міністэрства замежных спраў Латвіі ўжо адрэагавала на наш зварот. У сваім афіцыйным паведамленні прэс-сакратар МЗС Латвіі ад імя міністэрства паведаміў пра падтрымку звароту Літоўскай рэспублікі ў Міжнародны крымінальны суд. Падкрэслена, што Міністэрства замежных спраў Латвіі шчыльна супрацоўнічае з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі Латвіі ў пры ацэнцы зместу звароту і аргументаў, прадстаўленых Літоўскай рэспублікай.

На сённяшні дзень важна адзначыць, што некалькі краін ужо палітычна і публічна выказалі сваю падтрымку, уключаючы Міністэрствы замежных спраў Польшчы і Латвіі, якія выступілі з адмысловымі заявамі. Мы чакаем, канешне, што будуць зробленыя канкрэтныя крокі юрыдычнага характару, гэта накіраванне ноты ў адрас офіса пракурора Міжнароднага крымінальнага суда пра падтрымку звароту Літвы. Гэта даволі складаная і доўгая адвакацыйная праца. Мы будзем сустракацца з латвійскімі дыпламатамі, якія адказваюць за гэтае пытанне, а таксама з чэшскімі, шведскімі і ірландскімі, дыпламатамі з розных краін. Гэта ўжо цэлы шэраг сустрэч, якія адбыліся і яшчэ адбудуцца.

РР: Ноты ад розных краін у Міжнародны крымінальны суд больш палітычны інструмент, ці гэта таксама інструмент, які дапаможа пракурорам працаваць? Як я разумею, дакументы ад Літвы прынятыя, а якая розніца, ці падтрымліваюць іх іншыя краіны, трэба працаваць з гэтымі дакументамі?

Трэба адрозніваць палітычную падтрымку і прававыя крокі. Палітычную падтрымку мы ўжо маем ад шэрагу краін, у тым ліку публічнага і непублічнага характару. Калі мы кажам пра прававыя крокі, то для нас важна, каб гэтае падтрыманне было рэалізаванае праз накіраванне афіцыйнага звароту ад ураду канкрэтнай краіны ў падтрымку дзеянняў, якія ўжо ажыццявіў літоўскі ўрад. Гэта прынцыпова важна.

Тут можа быць як асобны зварот ад краіны, так і агульная камунікацыя некалькіх краін. Мы працуем над гэтым, выкарыстоўваючы розныя падыходы і механізмы. Я не хацеў бы паглыбляцца ў дэталі, каб рэжым не скарыстаўся супраць дзеянняў у нашай працы. Трэба разумець, што для нас зараз важныя два кірункі дзейнасці. Першы — гэта падаваць у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда сведчанні злачынстваў супраць беларусаў, злачынствы супраць чалавечнасці. І тут офіс пракурора афіцыйна адкрыў такую магчымасць на наступны дзень з моманту перадачы сітуацыі па Беларусі ўрадам Літвы на разгляд офіса пракурора. Таму для нас важна супрацоўніцтва з праваабарончымі арганізацыямі. У прынцыпе, кожны грамадзянін можа накіраваць такія дакументы.

Другі кірунак — гэта адвакатаванне дзеля таго, каб прагучалі не толькі палітычныя заявы, яны важныя, але і былі ажыццёўлены прававыя дзеянні з боку канкрэтных урадаў тых краін, якія падпісалі Рымскі статут Міжнароднага крымінальнага суда.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле:

У прыярытэце менавіта выкарыстанне механізмаў міжнароднага правасуддзя для прыцягнення Лукашэнкі і яго атачэння да адказнасці. Для гэтага розныя колы, у тым ліку і народнае антыкрызіснае ўпраўлення, працягваюць кансультацыі з дыпламатамі краін Еўрасаюза і іншых дэмакратычных дзяржаў.

Беларускае Радыё Рацыя