Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады, кіраўнік НАУ Павел Латушка заклікаў еўрапейскіх палітыкаў не ставіць на Аляксандра Лукашэнку. Ён лічыць, што з ім нельга дамовіцца наконт дэмакратызацыі. Еўропе патрэбна комплексная стратэгія ў адносінах да Беларусі Пра гэта ён заявіў у сваім выступе на семінары “Rose-Roth”, арганізаваным польскім Соймам і Парламенцкай асамблеяй НАТА.
«Ці можна дамовіцца з дыктатарам у Беларусі, які з’яўляецца антыподам дэмакратыі, каб ён пайшоў на паступовую дэмакратызацыю? Мой адказ адназначны – не. Дэмакратызацыя для яго – гэта самазнішчэнне. Доўгатэрміновы ціск на рэжым Лукашэнкі ніколі раней не прымяняўся. Адступіць ад ціску – гэта значыць паўтарыць круг», – сказаў Латушка.
Ён звярнуў увагу на тое, што ўсе апошнія гады партнёры ў дэмакратычных краінах дэманструюць запаволеную рэакцыю на агрэсіўныя дзеянні рэжымаў, якія ўвесь час уздымаюць стаўкі. На яго думку, дыктатары разумеюць толькі мову сілы, у той час як дэмакратыі размаўляюць з імі на дыпламатычным дыялекце, што дыктатуры ўспрымаюць як праяву слабасці.