Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка не мае намеру пакідаць Польшчу, нягледзячы на пагрозы, якія яму паступаюць. Пра гэта ён заявіў падчас выступу на штогадовым “Эканамічным форуме” ў польскім Карпачы: “Мой адказ гучыць адназначна: не, не паеду. Я буду працягваць сваю барацьбу”.

Раней Латушка паведаміў аб атрыманні ў свой адрас новых пагроз. У сваім тэлеграм-канале ён апублікаваў электронны ліст, у якім невядомая адпраўніца паведамляе: “Рэжым вас збіраецца забіць”, і гэта — “толькі пытанне часу”. У пасланні згадваецца знікненне апазіцыйных палітыкаў Анжалікі Мельнікавай і Анатоля Котава, смерць у Польшчы актывіста Дзмітрыя Каспяровіча, а таксама забойства ў Львове былога спікера Вярхоўнай Рады Украіны Андрэя Парубія. Заяўляецца, што пры забойствах і выкраданнях спецслужбы Беларусі і РФ дзейнічаюць “сінхронна”.






