Падчас сустрэчы ў МЗС Польшчы Павел Латушка перадаў польскаму боку прапановы па ўзмацненні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Яны тычацца кантролю за дзейнымі санкцыямі, далейшай гарманізацыі санкцый супраць Расеі і Лукашэнкі і персанальных абмежаванняў для прадстаўнікоў рэжыму.

Намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ сустрэўся са спецпрадстаўніком Міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, амбасадарам Адамам Халацінскім, а таксама з прадстаўнікамі дэпартаментаў МЗС Польшчы, адказнымі за санкцыйную палітыку.
Польскі бок адзначыў лютаўскае рашэнне ЕЗ аб падаўжэнні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ў адказ на працяг рэпрэсій унутры краіны і агрэсіўную знешнюю палітыку. Таксама было адзначана, што ЕЗ усё часцей гарманізуе санкцыі супраць Расеі і рэжыму Лукашэнкі пры прыняцці новых санкцыйных пакетаў, што пацвердзілася апошнім санкцыйным рашэннем Еўразвяза ў лютым.
Павел Латушка перадаў польскаму боку прапановы НАУ, якія ўключаюць:
– узмацненне кантролю за дзейнымі санкцыямі, асабліва ў фінансавым сектары (уключэнне ў санкцыйныя спісы банкаў, якія дапамагаюць абыходзіць абмежаванні, у тым ліку праз Сістэму перадачы фінансавых паведамленняў Цэнтрабанку Расеі);
– увядзенне новых абмежаванняў, у тым ліку поўную гарманізацыю гандлёвых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расеі, поўную забарону на транзіт санкцыйных тавараў ваеннага і двайнога прызначэння, а таксама санкцыі на звадкаваны газ, усе віды ўгнаенняў і рапсавы алей;
– пашырэнне персанальных санкцый супраць памагатых рэжыму і ўвядзенне санкцый супраць Саюзнай дзяржавы як інстытута, які абмяжоўвае суверэнітэт і незалежнасць Беларусі.
Павел Латушка перадаў прадстаўнікам МЗС Польшчы спісы чыноўнікаў, суддзяў і прапагандыстаў з абгрунтаваннем неабходнасці ўвядзення санкцый, падрыхтаваныя НАУ, а таксама матэрыялы беларускіх расследавальнікаў аб фактах абыходу і парушэння ўжо дзейных абмежаванняў.
Польскаму боку перададзены аналітычны агляд
«Санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі (2020–2023)»
У Бруселі завяршаецца работа над прыняццем чарговага пакета персанальных санкцый супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Прапановы да гэтага пакета ўнесла НАУ.
Польскі бок асобна паведаміў, што ў Варшаве адбылася сустрэча палітычных дырэктараў МЗС краін-членаў ЕЗ, на якой была адзначана агульная згода адносна важнасці далейшай падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху. Бліжэйшым часам плануецца разгледзець магчымасць прыняцця рашэння ЕЗ аб экстраннай дапамозе для беларускіх грамадзянскіх ініцыятыў у сувязі са спыненнем фінансавання з боку ЗША.
Таксама былі абмеркаваны:
– вынікі сустрэчы Паўла Латушкі і прадстаўнікоў Кабінета ва Упраўленні па справах замежнікаў, звязаныя з пытаннямі легалізацыі беларускіх грамадзян у Польшчы;
– правядзенне пры падтрымцы польскага боку мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Волі, 23 і 25 сакавіка ў Варшаве.
Павел Латушка падзякаваў МЗС Польшчы за прынцыповую пазіцыю адносна рэжыму Лукашэнкі і дапамогу ў арганізацыі мерапрыемстваў да Дня Волі.
t.me/CabinetBelarus