Госць Рацыі – намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка.

РР: Хочацца спытаць у Вас, як чалавека з багатым дыпламатычным досведам, – вось гэтая падзея, якая адбылася нядаўна, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. Абмяркоўвалася вызваленне 1300 палітзняволеных. Што гэта можа значыць? Ці гістарычная гэта падзея і як гэта ўвогуле ўспрымаць?
Павел Латушка: НАУ ўжо некалькі месяцаў таму дало прагноз, што Пуцін і Лукашэнка будуць рэалізоўваць сцэнар па правядзенні перамоваў пад назвай “Менск-3” дзеля таго, каб сустрэча па пытаннях вайны і міру ва Украіне адбылася менавіта ў Менску. Каб на гэтай сустрэчы прысутнічалі і прэзідэнт ЗША, і кіраўнік Крамля, і прэзідэнт Украіны Зяленскі. Я думаю, што гэта было галоўнай тэмай размовы Трампа і Лукашэнкі. Пры гэтым мы перадавалі амерыканскім партнёрам яшчэ напачатку года, калі дойдзе да такога варыянту развіцця падзей, не скажу, што мы ад гэтага маем захапленне, то павінны быць выкананыя базавыя ўмовы. Гэта спыненне ўсіх рэпрэсій, вызваленне абсалютна ўсіх -1300 палітвязняў. Апошняя сустрэча з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША ў мяне адбылася ў Варшаве ў гэтую суботу і падчас гэтай сустрэчы я выказаў наступны падыход. Я сказаў, што дастаткова будзе званка нават дзяржсакратара ЗША Рубіо, калі прэзідэнт ЗША не зможа патэлефанаваць, каб паставіць гэтую ўмову Лукашэнку. Калі мы, напрыклад, разглядаем у адносна пазітыўным рэчышчы развіццё перамоваў Пуцін – Трамп і ставіцца пытанне аб зняцці санкцый з РФ, хаця можа частковым, мы кажам, што ўмовамі перапынення санкцый ў адносінах да Лукашэнкі павінна быць выкананне ўнутраных дзеянняў. Першае, гэта спыненне ўсіх рэпрэсій, другое, вызваленне ўсіх палітзняволеных і трэцяе, дэкрыміналізацыя грамадскага беларускага жыцця.
РР: Гіпатэтычна, Трамп сказаў Лукашэнку наступнае: мы тэарэтычна можам правесці ў Менску перамовы па Украіне, але вызвалі 1300 зняволеных.
Павел Латушка: Думаю, што так, пра гэта магла ісці размова. Я думаю, што гэтая інфармацыя будзе трымацца ў таямніцы бліжэй да размовы асабістай Пуціна і Трампа, але тое, што такі падыход мы прадстаўлялі і АПК, гэта так. У нас была выпрацавана пазіцыя і гэтую пазіцыю мы вельмі ясна даводзілі амерыканскаму боку. Калі прыйдзе да размоваў па Менску пытанне – гэтага хоча Лукашэнка і гэта адпавядае інтарэсам Пуціна, на жаль, гэта не самы лепшы варыянт для нас, але ўмовай павінны быць людзі, іх жыццё, і спыненне ўсіх рэпрэсій. Мы не можам сабе ўявіць сітуацыю, калі, прэзідэнт ЗША, а калі гэтыя перамовы будуць пашыраны на прадстаўнікоў ЕЗ, гэтага выключаць нельга, калі яны прыедуць у Беларсь, дзе мы чуем галасы і крыкі ад пакутаў беларускіх палітвязняў, гэта недапушчальна. Гэта нашая пазіцыя.
РР: Відавочна, што на сустрэчы Трампа і Пуціна, якая павінна пачацца на Алясцы а 22 гадзіне, будзе абмяркоўвацца Беларусь?
Павел Латушка: Безумоўна, гэтая тэма будзе абмяркоўвацца. Яна і так была прадметам, таму што “беларускі балкон”, на жаль, з-за Лукашэнкі іграе стратэгічна важнае значэнне з пункту гледжання стварэння пагрозаў як для Украіны, так і для краін ЕЗ і НАТА. І тыя вучэнні, якія пройдуць у верасні, таксама ствараюць патэнцыйныя пагрозы. Таму без стабілізацыі гэтай часткі мірнай сітуацыі вакол Украіны, уяўляецца цяжкім дасягнуць устойлівага міру, таму тэма Беларусі, безумоўна, і так планавалася, што будзе на парадку дня.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






