Сённяшнія “Госці Рацыі” – беларускі палітык, намеснік кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай, кіраўнік НАУ Павел Латушка і беларускі актор у спісе №9 «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду», а значыць кандыдат у КР, Ігар Сігаў.
РР: Сёння ў Беластоку будзе сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Таксама сёння адбылася сустрэча з маршалкам Падляшскага ваяводства Лукашам Пракорымам.
Павел Латушка: Сапраўды, сёння былі сустрэчы з прэзідэнтам Беластока Тадэвушам Трускаляскім, які пераабраны на гэтую пасаду, а таксама з новым маршалкам Падляшскага ваяводства. Вельмі важнай з’яўляецца тэматыка, якая тычыцца беларускай этнічнай меншасці і беларускай дыяспары. Галоўны тэзіс, які я сёння прадстаўляў, тое, што мы хочам быць разам, хочам супрацоўнічаць – беларусы, якія тут жылі заўсёды, стагоддзямі і беларусы, якія апынуліся воляю лёсу на Беласточчыне. Важна, каб з боку мясцовых уладаў таксама была падтрымка нашых сумесных праектаў і вырашэння праблем, якія ёсць. Пра што мы дамовіліся? Першае, з маршалкам Падляшскага ваяводства пра Цэнтр беларускай культуры, гэта далейшая падтрымка, фінансаванне праектаў, якія будуць накіраваныя як на этнічых беларусаў, так і на дыяспары. Мы казалі нават пра вечарыну, прысвечаную Васілю Быкаву, фінансаванне будзе.
Дарэчы, з прэзідэнтам горада Беластока мы абмяркоўвалі пытанні дапамогі палітзняволеным. Шмат хто выходзіць з турмаў, палітзняволеныя знаходзяцца ў Беластоку і ім патрэбна дзесьці жыць, нейкая першая дапамога. І гэтае пытанне пастаўлена дыяспарай. І прэзідэнт даволі прыхільна да гэтага паставіўся. Мы вырашылі, ацэнім, колькі такіх людзей, якая дапамога патрэбна і яна будзе вырашацца. Прэзідэнт горада, як і маршалак, гатовыя падтрымаць выезд сумесных калектываў беларускай меншасці і дыяспары, напрыклад, на фестываль у Італію, выданне кнігі Уладзіміра Арлова “Імёны Свабоды”. Тут ёсць абсалютна канкрэтныя справы, якія мы дамовіліся вырашаць. Школа №4, дзе вывучаецца беларуская мова. Праблема ў тым, што этнічная меншасць мае магчымасць навучацца беларускай мове, а беларуская дыяспара не мае. Бо гэта пытанне заканадаўства. І трэба лабіяваць гэта на роўні міністра адукацыі Польшчы. І плануем, мы дамовіліся з прэзідэнтам Беластока, што будзем старацца вырашыць гэтую праблему. Бо дзе мы сёння можам захаваць беларускую мову? На жаль, шмат у чым тут. Бо тут ёсць этнічная меншасць, ёсць школьніцтва, ёсць універсітэты. І важна, каб і беларуская дыяспара магла з гэтага скарыстацца. Бо ўсё ж такі я веру, што мы будзем вяртацца ў Беларусь і будзем крыніцай для аднаўлення беларускасці ў Беларусі.
РР: Спадар Ігар, сёння будзе сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Вядома, што гэта будзе агітацыя ў рамках выбараў у КР. Вы прыехалі сюды з якім пасылам для беларускай дыяспары?
Ігар Сігаў: Па-першае, я прыехаў таму, што я ўваходжу ў кааліцыю “Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”. А чаму я ўваходжу, бо, па-першае, я чалавек і грамадзянін. А ўжо потым я акцёр. Для мяне асабіста важнае пытанне менавіта культуры, мастацтва, тое, якімі яны павінны быць у Беларусі. Не тое, што зараз. Бо я лічу, што мастацтва і культура – гэта душа народа, а яе трэба выхоўваць і выхоўваць правільна. Таму, мне здаецца, што я магу быць карысным менавіта ў гэтым. За што мне падабаецца нашая кааліцыя, за тое, што ты сам вырашаеш, чым ты хочаш займацца, якім кірункам. Я разумею, што, напэўна, я магу займацца мастацтвам і культурай, але і накшталт таго, каб і палітзняволенымі, і тлумачць, што трэба прыходзіць да дэмакратычнай і вольнай Беларусі. Таму што гэта той шлях, які я абраў. І я заклікаю ўсіх ісці па гэтым шляху.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя