Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выступіў на канферэнцыі “Міграцыя як палітычная, сацыяльная і эканамічная праблема” ў польскім Слесіне.
Палітык заявіў, што беларусы хочуць легальна працаваць, развіваць бізнэс і плаціць падаткі ў Польшчы, а дапамога беларусам за мяжой з’яўляецца адной з найважнейшых задач беларускіх дэмсілаў, паведамляе АПК.

Скрыншот з тэлеграм-канала. Ілюстрацыйнае фота.
Латушка агучыў прапановы пра:
аднаўленне праграмы Poland.Business Harbour;
спрашчэнне легалізацыі для дзяцей беларусаў, якія нарадзіліся або дасягнулі паўналецця ў Польшчы;
магчымасці падаўжэння гуманітарных ВНЖ, выдадзеных у Польшчы, а таксама выдачы гуманітарных віз не толькі асобам, якія трапілі пад рэпрэсіі, але і іх сваякам; выдачы гуманітарных віз беларусам у трэціх краінах;
павелічэнне тэрміна дзеяння польскіх праязных дакументаў да трох гадоў;
магчымасці абароны ў трэціх краінах інтарэсаў асоб, якія атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы;
спрашчэнне працэдуры падачы заявы аб рэгістрацыі шлюбу;
урэгуляванне праблем пенсійнага забеспячэння;
зніжэнне патрабаванняў па падачы дакументаў беларускімі студэнтамі для паступлення і працягу навучання;
міжнароднай абароне беларускіх студэнтаў на падставе інфармацыі аб спробе прызыву ў войска ці пагрозе крымінальнага пераследу за ўхіленне ад прызыву;
непрадастаўленне дзяржаўнымі органамі і ўніверсітэтамі Польшчы дакументаў, якія тычацца беларускіх студэнтаў, па запытах рэжыму;
стварэньне ўмоваў для развіцця беларускага бізнэсу ў Польшчы;
выключэнне дыскрымінацыі беларусаў у Польшчы ва ўсіх формах узаемадзеяння з прыватнымі арганізацыямі і дзяржавай, напрыклад, пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў;
скарачэнне тэрмінаў адміністрацыйных працэдур, звязаных з легалізацыяй, перш за ўсё ў Ніжнесілезскім ваяводстве і Вроцлаве.
Латушка накіраваў зварот намесніку міністра ўнутраных спраў Польшчы і ваяводзе Ніжнесілезскага ваяводства з просьбай аб правядзенні сустрэчы і пошуку рашэнняў для паскарэння выдачы дакументаў грамадзянам Беларусі, якія жывуць у ваяводстве.
Матэрыялы для вырашэння гэтых пытанняў будуць перададзены Вышэйшай школай кіраўнічых кадраў і НАУ польскім дзяржаўным органам.