BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Латвія падтрымала зварот Літвы ў МУС аб арышце Лукашэнкі

МЗС Латвіі заявіла аб падтрымцы звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) аб расследаванні злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі. Пра гэта паведаміў “Белсат”.

«Міністэрства хацела б паведаміць Вам аб сваёй падтрымцы звароту Літоўскай Рэспублікі ў МУС. Акрамя таго, міністэрства цесна супрацоўнічае з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі пры ацэнцы зместу звароту і аргументаў, прадстаўленых Літоўскай Рэспублікай», – паведаміла выданню прэс-сакратар МЗС Латвіі Дыяна Эглітэ.

Яна таксама падкрэсліла прыхільнасць Латвіі “ў падтрымцы працы МУС у яго прасоўванні глабальнай справядлівасці і эфектыўнай сістэмы міжнароднага крымінальнага правасуддзя”.

Раней паведамлялася, што 30 верасня гэтага года Літва звярнулася да пракурора МУС з матэрыяламі аб злачынствах супраць чалавечнасці з боку рэжыму Лукашэнкі. Паведамлялася таксама, што лідары беларускіх дэмакратычных сілаў прапаноўвалі розным краінам падтрымаць зварот Літвы. У тым ліку краінам АБСЕ, Польшчы і Нарвегіі.

Як паведамляў раней тэлеграм-канал Аб’яднанага пераходнага кабінета, у развіццё ранейшых кантактаў з прадстаўнікамі МЗС Латвіі намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка сустрэўся з амбасадарам Латвіі ў Польшчы Юрысам Пойкансам і перадаў матэрыялы, звязаныя з сабранай доказнай базай і абгрунтаваннямі для расследавання Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.

Намеснік кіраўніцы Кабінета таксама папрасіў перадаць гэтыя матэрыялы ў МЗС Латвіі. Дасягнута дамоўленасць аб прадаўжэнні ўзаемадзеяння і абмене інфармацыяй па перспектывах расследавання МКС.