BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

“Лаўка запасных не такая ўжо і вялікая”

Сённяшні госць Беларускага радыё Рацыя — палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі. Абмяркоўвае з ім нядаўняе прызначэнне некаторых новых міністраў Беларусі наша карэспандэнтка Алеся Вербаловіч.

РР: Хочацца абмеркаваць новы ўрад, хацела б пачаць з Караева, якога прызначылі кіраваць Гарадзенскай вобласцю. Чаму так, няўжо ён добра сябе паказаў на папярэдняй пасадзе? І чаму ён часова выконвае абавязкі, бо калі не памыляюся, ёсць такая прыстаўка ў яго ў пасадзе?

Аляксандр Класкоўскі: Так, я таксама хацеў бы звярнуць на гэта ўвагу, не факт, што яго зацвердзяць, магчыма, Лукашэнка яшчэ ўзважвае, думае, падбірае кандыдатуру, але не выключана, што і Караева могуць прызначыць. З ім цікавая гісторыя, ён жа быў міністрам унутраных спраў, і я думаю, што вось тады ў жніўні 2020 ён з гледзішча Лукашэнкі праявіў пэўную мяккацеласць, таму што яшчэ выразна не быў узяты курс на жорсткія рэпрэсіі. Відаць, Лукашэнка вагаўся, чакаў, што Пуцін скажа. Вядома, што Пуцін яго падтрымаў, і гэта надало ўпэўненасці Лукашэнку, імпэту. Але вось у тыя дні, калі маніфестацыі без разгону пракатваліся па менскіх вуліцах і праспектах, тады Караеў рабіў нейкія такія заявы, рэверансы так бы мовіць, можа недзе міліцыя і іншыя сілавікі перагнулі кій. Таму Лукашэнка яго накіраваў у такую, як кажуць аглядальнікі, ганаровую ссылку, зрабіў сваім памочнікам па Гарадзеншчыне.

Па-першае, і ў самаго Лукашэнкі ўжо ўлягліся эмоцыі. Па-другое, відаць, і гэта лаўка запасных не такая ўжо і вялікая. І, па-трэцяе, Караеў дысцыплінавана выконваў усё, што патрабавалася ў ягоным амплуа, і, магчыма, цяпер наступае такая рэабілітацыя для яго.

Яшчэ ёсць такая канспіралагічная версія, я не надта веру ў гэту канспіралогію, але ў рэчышчы прагнозаў некаторых каментатараў, што можа Пуцін праз Беларусь “паспрабуе на зуб” і краіны Балтыі, і Польшчу, тут варта згадаць, што Гарадзенская вобласць памежная, што тут побач гэты сувалкаўскі калідор, які лічыцца слабым месцам Паўночнаатлантычнага альянсу, але гэта, яшчэ раз падкрэслю, канспіралогія. Мне здаецца наўрад ці гэтыя меркаванні будуць галоўныя ў далейшым лёсе Караева.

РР: Так, хочацца спадзявацца, што гэта ўсё ж такі канспіралагіныя разважанні, а не наша бліжэйшая перспектыва. А што вы маглі б распавесці пра Уладзіміра Караніка, які стаў віцэ-прэм’ерам?

Аляксандр Класкоўскі: Я думаю, што Лукашэнка заахвочвае і прасоўвае Караніка менавіта таму, што той паказаў сябе адданым у часы выпрабаванняў з гледзішча кіраўніка рэжыму. Калі згадаць 2020 год, пачатак вось гэтага кавіду, гэта пандэмія, якая ашаламіла людзей і ашаламіла стаўленне самога Лукашэнкі. Мы ж памятаем, як ён даволі цынічна выказваўся: хто захварэў – сам вінаваты, чаму ён стары па вуліцы цягаўся і г.д.  Ці яго парады, лукашэнкаўскія, як лячыцца ад кавіду – трактарам, козачак гладзіць, гарэлкі выпіць і г.д. Гэта ўсё стала мемамі, але гэта той выпадак, калі, як кажуць, усё было б гэта так смешна, каб не было сумна. Таму, мяркуючы па ўсім, была вельмі вялікая смяротнасць, і якраз Каранік, які тады стаяў на чале вось гэтага ведамства, быў міністрам аховы здароўя, ён, як мяркуюць многія, утойваў сапраўдныя маштабы вось гэтай пандэміі, трагедыі, маштабы смяротнасці. А для Лукашэнкі гэта адпавядала ягонай палітыцы ў пытанні пандэміі і гэта яму імпанавала, таму вось такая ўзнагарода.

Аляксандр Класкоўскі зазначае: верагодней за ўсё, Лукашэнка не слухае нічыіх парадаў, калі вызначаецца з кандыдатурай чарговага новага міністра. Усе камісіі і адмысловая органы ў гэтым сэнсе – фікцыя. І прызначаюцца новыя міністры толькі па яго ўласнай задуме.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з Фэйсбука Аляксандра Класкоўскага