
“Госць Рацыі” – праваабаронца Леанід Судаленка ў “Фэйсбуку” апублікаваў сваю размову з чальцом створанай уладамі Беларусі так званай “камісіі па памілаванні”, палітычным перабежчыкам са штаба Віктара Бабарыкі Юрыем Васкрасенскім. Яны размаўлялі пра магчымае вызваленне палітычных вязняў, у тым ліку адных з самых вядомых – Анджэя Пачобута і Алеся Бяляцкага.
Які пасыл дасылаюць улады і на якіх умовах яны гатовыя пайсці на саступкі і вызваліць палітвязняў Леанід Судаленка распавёў нашай карэспандэнтцы Таццяне Смоткінай:
РР: Хто быў ініцыятарам гэтай размовы – вы ці ўсё ж такі ён?
– Падчас стрыму, які адбываўся на “Еўрарадыё” са Змітром Лукашуком, я публічна звярнуўся да Васкрасенскага, назваў свой нумар тэлефона і сказаў, што я гатовы весці перамовы. За некалькі дзён да гэтага ён даў “Люстэрку” разгорнутае інтэрв’ю, дзе заклікаў усіх да дыялогу. Я, як той чалавек, які выйшаў з турмы, заявіў, што буду прыкладаць усе намаганні дзеля вызвалення ўсіх палітвязняў.
У прыватнасці мяне вельмі клапоціць сітуацыя вакол Алеся Бяляцкага, які ў свае 62 гады адбывае пакаранне. У яго яшчэ тэрмін 7 гадоў. Паступаюць звесткі пра вельмі дрэнны стан здароўя, пагаршаецца ў яго. Мяне гэта сітуацыя вельмі непакоіць кожны дзень, таму я вырашыў выкарыстаць любыя магчымыя пляцоўкі для дыялогу. У тым ліку размаўляць нават з д’яблам на гэтую тэму. Вось якраз, калі з’явілася магчымасць звярнуцца публічна да Васкрасенскага, бо Зміцер мне сказаў, што яго стрымы глядзіць Васкрасенскі. І той прызнаўся, што глядзіць. Такім чынам я звярнуўся, і тут назаўтра Зміцер кідае такі запыт, што ён шукае твой тэлеграм-канал. Я хуценька кідаю Зміцеру мае дадзеныя тэлеграм-канала, і ў маім тэлеграм-канале з’явіўся Васкрасенскі.
Далей ужо была размова. Я апублічыў не ўсю размову, бо яна была вельмі эмацыйная і цягнулася 52 хвіліны. Мы часам пераходзілі на такія не тое, што спрэчкі, асабліва калі ён казаў, што Пачобут не хоча выходзіць з турмы. Маўляў, гэта ж выдумка польскай дыпламатыі. Я сказаў, што лічу, што гэта выдумка афіцыйнага Менску. Ён таксама не хацеў некаторыя моманты публічыць, я яму паабяцаў гэта. У мяне ёсць гукавы запіс, нават відэазапіс нашай размовы. Тым не менш я абяцаў, я гэта выконваю. Я папрасіў яго дазволу на публікацыю нашай размовы, ён сказаў: “Публікуйце ўсё, за выключэннем вось гэтага”. Ну і ўсё, я яму даў абяцанне, што я выкладу толькі тое, што ён дазволіў мне выкладаць. Вось так адбылася наша з ім размова.
РР: Як Вы лічыце, чаму ўлады зноў пачалі гандлявацца палітвязнямі і гатовыя сесці за стол перамоваў?
– Улада заўсёды гандлявала палітвязнямі. Проста ў гэтым сезоне, так склаліся абставіны, такі гістарычны момант, я маю на ўвазе расейскі ўплыў на беларускую палітыку. Я маю на ўвазе тую вайну, якая побач з намі адбываецца. У размове, дарэчы, Васкрасенскі мне так і сказаў, што да 23 лютага наступнага года, калі выбары адбудуцца ў Лукашэнкі: “Мы вас яшчэ гатовыя слухаць і выпускаць. А пасля гэтай даты мы заціснем так, бо будзе вайна”. Мы будзем ратаваць краіну і нам усё адно, колькі соцень палітвязняў памрэ ў турмах. Мы на гэта пасля гэтай даты звяртаць увагі ўжо не будзем. То бок было бачна, што рэжым Лукашэнкі спяшаецца. Чаму я кажу рэжым Лукашэнкі? Безумоўна, Васкрасенскі не самастойны гулец у гэтым усім. Упэўнены, што ў яго ёсць куратары, якія дазваляюць яму даваць інтэрв’ю “Люстэрку”, “экстрэмісцкаму фармаванню”, і за гэта нічога яму няма. Іншаму ўжо б 5 год турмы далі за гэта.
Тое, што мы бачым па Васкрасенскім, то ён з’явіўся пасля выбараў 2020 года. Прычым ён здрадзіў, ён жа пачаў працаваць у камандзе Бабарыкі. Я яму кажу: “Юрась, вы ж выбралі свой шлях у 2020 годзе. Фактычна здрадзілі”. А ён мне адказаў: “Так, я працаваў на палітыку. Я думаў, што Бабарыка – гэта прарасейскі. Я працаваў на Расею, а не на Бабарыку. Потым, калі я зразумеў, куды я патрапіў, я вось такі выбар і зрабіў”.
Але ж ён ніколі не быў самастойны. Ён мне ў жніўні 2021 года, калі я знаходзіўся не ў лагеры, а ў СІЗА, ліст дасылаў і казаў да 30-га жніўня пішы “памілуху” на Лукашэнку і будзеш дома, што ты робіш у той турме. Ён прапанаваў, але я гэтага не зрабіў. Для гісторыі захаваў сабе гэты ліст. Як бачым, што тады ніхто не быў памілаваны. Не ён жа прымае рашэнні, ён агучвае праблемы. Ён агучвае тое, што яму кажуць яго куратары. Умоўна куратары – гэта прадстаўнікі рэжыму. Фактычна я размаўляў з рэжымам.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя






