BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Леанід Судаленка: Беларусь ператварылася ў канцэнтрацыйны лагер

За пяць гадоў, па дадзеных праваабаронцаў, 3940 чалавек у Беларусі атрымалі статус палітвязня. 2716 палітвязняў цалкам адбылі свой тэрмін у турмах Беларусі і выйшлі з месцаў зняволення. 300 чалавек былі памілаваныя. Але за гэты час за кратамі памерлі 8 палітычных зняволеных.

Пра апошні такі выпадак стала вядома нядаўна – у пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, які адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17. Абставіны трагедыі пакуль невядомыя.

Паводле праваабаронцы ПЦ  “Вясна” і былога палітвязня Леаніда Судаленкі, пяць гадоў у Беларусі ідуць рэпрэсіі і столькі ж год сярод праваабаронцаў вядуцца дыскусіі наконт колькасці палітвязняў.

– Гэтая дыскусія і ў праваабарончых, і не толькі, колах існуе. Безумоўна, адны агучваюць адну лічбу, іншыя – другую. І гэта звязана з тым, што, па-першае, не ўсе палітычныя вязні звяртаюцца, напрыклад, у “Вясну” і праваабарончыя арганізацыі дзеля сваёй бяспекі. Родныя асуджаных па палітычных артыкулах часта кажуць: калі ласка, не ўспамінайце нашага сваяка, не прызнавайце яго палітычным зняволеным, не згадвайце яго ў сацыяльных сетках ды іншай інфармацыі, таму што яму там гэта нашкодзіць.

Як зазначае праваабаронца, яны з паразуменнем ставяцца да такіх просьбаў – не публічаць імя гэтага чалавека і не прызнаюць яго палітвязнем. Але ёсць і такая опцыя ў праваабаронцаў, як прызнанне чалавека былым палітвязнем. Калі чалавек адбыў тэрмін, выехаў з Беларусі, тады ён ужо згодны на публічнасць і на прызнанне былым палітвязнем.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя