BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Легалізацыя беларусаў у Польшчы надалей ускладняецца

Легалізацыя беларусаў у Польшчы надалей ускладняецца. Цяпер грамадзяне Беларусі, праходзячы адпаведныя адміністрацыйныя працэдуры, павінны замест дакументаў, атрыманых у часы БССР, прадстаўляць дублікат, выдадзены сучаснымі беларускімі органамі з прастаўленым апастылем. Не сакрэт, што атрыманне такіх дублікатаў і апастылю магчыма выключна пры асабістай прысутнасці ў Беларусі альбо на падставе даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі.

У гэтай сувязі намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка звярнуўся з афіцыйнымі лістамі ў міністэрствы ўнутраных і замежных спраў Польшчы. Дэталямі палітык падзяліся ў нашым эфіры:

– У аўторак у мяне адбудзецца сустрэча ў МЗС Польшчы. Зразумела, я буду падчас гэтай асабістай сустрэчы падымаць гэтае пытанне. У нас ёсць вялікая колькасць беларусаў, гэта вялікая грамада, гэта тысячы, калі не дзясяткі тысячаў, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь у сувязі з тым, што ёсць рызыка іх затрымання, пазней пакарання і катавання ў турмах. Фактычна кожны можа быць пад рызыкай затрымання на мяжы і пайсці ў турму. Паехаць і аформіць сабе дакумент у сучаснай Беларусі, дакумент аб нараджэнні, ці пра шлюб і г.д. – гэта фактычна велічэзная рызыка.

Латушка мяркуе, што калі польскія ўлады прымалі такое новаўвядзенне, то, магчыма, не ўлічылі масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Сітуацыя ўскладняецца тым, што рэжым Лукашэнкі здзяйсьняе і экстратэрытарыяльныя злачынствы: толькі ад пачатку году ў дачыненні да беларусаў было распачата больш за 870 крымінальных спраў за ўдзел у легальных акцыях і маршах за мяжой, найперш у Польшчы. Але, паколькі канкрэтны спіс асобаў невядомы, вяртанне ў Беларусь пагражае крымінальным пераследам неабмежаванаму колу людзей, падкрэслівае кіраўнік НАУ.

Беларускае Радыё Рацыя