Кабінет міністраў Літвы ўхваліў падаўжэнне дзеяння нацыянальных санкцый супраць Беларусі і Расеі, а таксама пагадзіўся з абмежаваннямі на ўвоз паліва транспартам з беларускай і расейскай рэгістрацыяй.

Як паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу ўрада Літвы, кабінет міністраў ухваліў прапанову Міністэрства замежных спраў і падоўжыў дзеянне нацыянальных санкцый у дачыненні да грамадзян Расеі і Беларусі да 31 снежня 2027 года.
Раней абмежаванні падаўжаліся на год і мусілі б скончыць сваё дзеянне 2 траўня 2026 года, тым не менш было прынята рашэнне працягнуць іх на большы перыяд.
Санкцыі, у прыватнасці, прадугледжваюць прыпыненне разгляду заяваў грамадзян Беларусі і Расеі на атрыманне часовых відаў на жыхарства ў Літве. Таксама аўтаматычна анулююцца ВНЖ асобаў, якія на працягу трох месяцаў больш за адзін раз наведвалі Расею або Беларусь. Дзеля таго, каб рашэнне ўраду набыло моц, патрэбна, каб яго ўхваліў літоўскі Сейм.






