Міністэрства замежных справаў Літвы ініцыюе змены ў заканадаўстве, якія дазволяць уводзіць нацыянальныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі і Расеі нават без згоды Еўразвяза.

Як паведамляе выданне The Baltic Times, паводле Літвы, такія меры патрэбныя на выпадак, калі Венгрыя заблакуе падаўжэнне агульнаеўрапейскіх санкцыяў у ліпені 2025 года. Таму ўлады Літвы хочуць пакінуць за сабой права самастойна блакаваць увоз тавараў і абмяжоўваць гандаль.
Галоўная дарадца прэзідэнта Літвы па знешняй палітыцы Аста Скайсгірытэ падкрэсліла, што да магчымых «рэгіянальных санкцыяў» могуць далучыцца Польшча, краіны Балтыі, Фінляндыя і іншыя дзяржавы Паўночнай Еўропы.
Як адзначае міністр замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс, важным крокам было б стварэнне рэгіянальнага пагаднення паміж краінамі, што мяжуюць з Расеяй і Беларуссю з мэтай перакрыць увоз тавараў у Еўразвяз праз сухапутныя пераходы.






