BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ліза Пракопчык: Адбываецца брутальны захоп улады

На першыя свае пасяджэнні могуць сабрацца прадстаўнікі Каардынацыйнай рады трэцяга складу 20-га чэрвеня. Тут далей вядуцца дыскусіі – як мае гэта Каардынацыйная рада выглядаць.
Што там з рэгламентам? Над ім таксама працуюць ды дыскутуюць. Працоўная група, створаная па ініцыятыве спісу “Моладзевы наступ”, пачынае працу над новай рэдакцыяй Статуту Каардынацыйнай Рады Беларусі. 22 чэрвеня — пройдзе рабочая сесія. А пра некаторыя таямніцы першага пасяджэння, якое зараз рыхтуецца, нам расказала Госця Рацыі – спікерка спісу «Моладзевы наступ» Ліза Пракопчык. З ёй размаўляў наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

Ліза Пракопчык: Адбываецца ў пэўным сэнсе сапраўды захоп улады, такі вельмі брутальны, як па мне, не вельмі добра ўсё выглядае. Я пра гэта казала і спадару Латушку, і мы пра гэта казалі публічна, што той захад, які быў зроблены спісам пераможца альбо кааліцыі большасці, як яны самі сябе называюць ужо, ён не вельмі прыгожы. То бок адмена статута простай большасцю, апеляцыя да таго, што мы можам адмяніць статут той большасцю, але проста змены трэба ўносіць двума трацінамі, гэта проста не вельмі прыгожа выглядае. Так, у іх ёсць гэтая кааліцыя, яны сапраўды большасць, але яны не канстытуцыйная большасць. Ім не хапае галасоў, каб уносіць розныя праўкі ў статут, таму робяцца вось такія брутальныя захады. Выглядае гэта непрыгожа.

Мы як “Моладзевы наступ” проста спрабуем трошкі збавіць градус, разумеем, што гэта ўсё адцягвае нас ад сапраўднай працы, дзеля якой мы ішлі ў Каардынацыйную раду. Зараз мы ініцыявалі працоўную групу, у якую насамрэч падтрымалі ўсе спісы па зменах у статут, па тым, каб звесці ўсе праўкі ўсіх спісаў у нейкі адзін дакумент і прагаласаваць ужо пры новым статуце Каардынацыйнай рады. І зараз таксама ідзе абмеркаванне часовага рэгламенту, часовых працэдур, але яны таксама не вельмі прыгожа выглядаюць. Таму што там, напрыклад, па гэтых часовых працэдурах прапануецца абраць сталага спікера, віцэ-спікераў і нават сталага сакратара. То бок мы па часовых працэдурах прымаем нейкія сталыя органы, якія потым будуць працаваць у Каардынацыйнай радзе. Гэта мне падаецца вельмі дзіўным. Кааліцыя большасці з гэтым нязгодная і лічыць, што гэта нармальна, што калі мы ўнясём вось гэтыя працэдуры, якія сталі ў статут, пасля, то нічога дрэннага з гэтым не адбудзецца. Але паглядзім, як яно насамрэч стане.

РР: Атрымліваецца, што зараз трэці склад Каардынацыйнай рады не пачаў працаваць, плануецца часовы рэгламент, а потым перайсці на сталы рэгламент. Аб’явілі пра стварэнне працоўнай групы для распрацоўкі новай рэдакцыі рэгламенту, што значыць, што Каардынацыйнае рада мусіць пачаць працаваць паводле часовага рэгламенту. Гэта да таго часу пакуль будзе створаны сталы рэгламент, новы рэгламент, як гэта ўвогуле?

Ліза Пракопчык: Тут варта пачаць з суботы, тады прайшло пасяджэнне аргкамітэта, прапанаванае кааліцыяй Латушкі, я ў тым ліку была, каб паслухаць, што ўвогуле адбываецца, таму што для нас на той момант таксама было не ўсё зразумела, як і для большасці людзей, напэўна.

На тым аргкамітэце было прапанавана, так зараз ідзе галасаванне па адмене статута, яны былі ўпэўненыя, што гэтая адмена статута адбудзецца, прыпыненне яго дзеяння. Нам трэба па нейкіх правілах працаваць. Яны прапанавалі, што мы зараз напішам часовыя правілы і працэдуры, за іх прагаласуе большасцю Каардынацыйная рада, і мы будзем працаваць па гэтых працэдурах. Яны хочуць гэта ўжо да чацвярга. У чацвер, 20 чэрвеня, у нас будзе пасяджэнне.

РР: Так, яно адбудзецца, і мае быць распрацаваны да гэтага часу часовы рэгламент?

Ліза Пракопчык: Так, ён ужо распрацаваны, зараз ідзе абмеркаванне, можна ўносіць праўкі. Але я паглядзела гэты дакумент, яго вельмі цяжка чытаць. Кааліцыя Латушкі піша такой цяжкай мовай, не разбіта па пунктах, трэба доўга сядзець і думаць, што маецца на ўвазе.

То бок, з гэтым ок, з гэтым можна працаваць, ужо амаль суткі прайшлі на абмеркаванне гэтага статуту, у нас ёсць яшчэ суткі на абмеркаванне, і пасля яны выносяць на галасаванне. Праўкі і сам гэты часовы рэгламент, і па ім жа на першым пасяджэнні прапануецца абранне новага спікера, віцэ-спікераў і сакратарыят. Наконт спікерства ў нас была рэйтынгавая сістэма абрання спікера. Яна мне вельмі падабалася, таму што там ёсць гарантаванае месца самой сістэмай, ёсць гарантаванае месца для прадстаўніка апазіцыі. Тут нам прапануецца пайсці па такім дзіўным шляху.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сацыяльных сетак