І ў Іспаніі шмат не даводзілася тлумачыць, там добра ведаюць сітуацыю ў Беларусі, дзе кіруе аўтарытарны рэжым Лукашэнкі. Так беларускі палітык Анатоль Лябедзька кажа пра шэраг чарговых сустрэчаў з міжнароднай павесткі Офісу Святланы Ціханоўскай. У парламентах чарговых краін фармуюцца групы «За дэмакратычную Беларусь», а увосень ў Парыжы пройдзе сустрэча іх прадстаўнікоў.

РР: Тэма, якую хацелася б закрануць, гэта міжнародная прысутнасць Беларусі. Мы неяк прызвычаіліся, што палітыкай Беларусі займаюцца краіны, якія побач. А вось там Іспанія, Францыя, іх быццам і не цікавіць, што ў той Беларусі адбываецца. Як Вы глядзіце на гэтае пытанне ўвогуле?
Анатоль Лябедзька: Добрае назіранне. Сапраўды, ёсць такія стэрэатыпы, што Беларусь знаходзіцца ў фокусе ўвагі Польшчы і Літвы, і гэта зразумела, таму што мы – суседзі. Але мы таксама ўсведамляем, што гэта ёсць пэўны выклік для нас. Каб быць у міжнароднай, еўрапейскай павестцы дня трэба абапірацца на значна большую колькасць сталіцаў, дзе прымаюцца палітычныя рашэнні. Таму мы апошнім часам вельмі важныя мерапрыемствы спрабуем ладзіць не ў Варшаве і не ў Вільні. Напрыклад, парламенцкія групы “За дэмакратычную Беларусь”, якія аб’ядналіся ў Альянс, першае паседжанне было ў Берліне. Апошняе – у Рыме. І гэта было свядомае рашэнне. Мы праз гэта спрабуем інтэграваць у беларускую павестку дня вялікія краіны і краіны, якія на пэўнай адлегласці ад Беларусі і беларускай праблематыкі. Нам гэта ўдаецца. Больш за тое, анансую ў вашым эфіры, што наступнае паседжанне Аьянса адбудзецца ў Парыжы. І тое, што там збяруцца прадстаўнікі розных парламентаў і будуць гаварыць пра Беларусь і пра беларусаў, для нас гэта вельмі істотна. Гэта адбудзецца ўвосень.
РР: Як прайшлі перамовы ў Іспаніі? Не давялося ж вам тлумачыць мясцовым палітыкам, дзе знаходзіцца Беларусь? І была інфармацыя, што там узнікне група “За дэмакратычную Беларусь”.
Анатоль Лябедзька: Перамовы адбываліся без мапы. Людзі дастаткова падрыхтаваныя, яны валодаюць сітуацыяй. У іх ёсць разуменне, што адбываецца ў Беларусі, але для нас вельмі важна ўвесь час пра гэта нагадваць. Таму што Еўропа бурліць, і нашая задача, каб Беларусь не знікала з радараў. І гэта адбываецца, калі вы ўжывую сустракаецеся за кубкам кавы і размаўляеце. Гэта значна больш эфектыўны метад камунікацыі, правераны жыццём. У нас былі сустрэчы ў Офісе Народнай партыі, гэта найбуйнейшая фракцыя ў парламенце, і якая даволі актыўная ў Еўрапарламенце па Беларусі. І якраз у парламенце мы вялі размову пра стварэнне групы “За дэмакратычную Беларусь”. Таму, я думаю, восенню мы будзем мець групу, якая будзе міжфракцыйная, у Іспанскім парламенце, якая будзе працаваць па Беларусі.
Цалкам гутарка:
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя






