Пасля завяршэння Belarus Cross-Party Forum «8+100» у Еўрапейскім парламенце ў Бруселі 5 сакавіка адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных палітычных партый. Асноўнай тэмай стала пытанне палітычных зняволеных, якое беларускія ўдзельнікі назвалі ключавой умовай для любых змен у адносінах з афіцыйным Менскам.

Як адзначыў дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька, гэта стаў і агульны пасыл усяго Форуму:
– Гучалі прапановы аб спецыяльным дакладчыку ад Еўрапейскага звязу па Беларусі. Асноўныя пасланні. Утрымаць гэтую моцную пазіцыю Еўразвяза: пакуль не вызваленыя палітычныя вязні – не можа быць абсалютна ніякага перагляду стратэгіі Бруселю ў адносінах да Беларусі. Крытыка: у беларусаў недастаткова мабільнасці, хацелася б, каб была большая падтрымка.
Падчас Форуму прагучаў і відэазварот лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай.
Каментуючы падрыхтоўку яе магчымай паездкі ў Кіеў і сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, Анатоль Лябедзька адзначыў:
– Працоўны візіт ёсць у планах, ёсць нават пэўныя слоты, але канкрэтная дата, калі можа быць цэнтральная сустрэча Зяленскага з Ціханоўскай, пакуль гэта адкрытае пытанне. Ідзе поўным ходам падрыхтоўка. Я перакананы ў адным, гэта будзе і Святлана Ціханоўская і яе каманда будуць максімальна падрыхтаваныя да гэтай паездкі.
Паводле яго слоў, у межах візіту таксама плануюцца сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Бруселі. Падчас іх абмяркуюць вынікі перамоваў і магчымасці больш актыўнага ўдзелу беларусаў замежжа ў палітычным жыцці, у тым ліку далучэння да дэмакратычных палітычных партый.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






