Саміт еўрапейскіх краін па Украіне доўжыўся каля дзвюх гадзін. На прэс-канферэнцыі па выніках саміту ў Лондане брытанскі прэм’ер Кір Стармер заявіў, што на сустрэчы лідары дамовіліся сустрэцца зноў у бліжэйшы час, каб “захаваць тэмп дзеянняў” і прадоўжыць працу над агульным планам, паведамляе .bbc.com.
Стармер заявіў, што Вялікабрытанія, Францыя і іншыя краіны пагадзіліся працаваць з Украінай “над планам спынення баявых дзеянняў”. Паводле яго слоў, гэты план будзе затым абмяркоўвацца са Злучанымі Штатамі, “і гэты план будзе рэалізоўвацца сумесна”.
Па словах прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі, лідары на саміце ў Лондане ўзгаднілі чатыры важныя крокі:
-Працягваць аказваць Украіне ваенную дапамогу, пакуль ідзе вайна, і ўзмацніць эканамічны націск на Расею.
-Любы трывалы мір павінен забяспечыць суверэнітэт і бяспеку Украіны, і Украіна павінна быць за сталом перамоваў.
-У выпадку заключэння мірнага пагаднення еўрапейскія лідары будуць імкнуцца прадухіліць любое ўварванне Расеі ва Украіну ў будучыні.
-Будзе створана “кааліцыя жадаючых” для абароны Украіны і забеспячэння міру ў краіне.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен па выніках сустрэчы заявіла: «Цяпер нам вельмі важна павялічыць выдаткі… важна падрыхтавацца да горшага».
* * *
Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер звярнуўся да лідараў еўрапейскіх краін, якія сабраліся на саміт у лонданскім Ланкастэр-Хаўсе, паведамляе bbc.com. “Мы сабраліся тут сёння, таму што гэта момант, які бывае раз у пакаленне, для бяспекі Еўропы, і нам усім трэба зрабіць крок наперад”, – падкрэсліў прэм’ер Вялікабрытаніі.

Стармер паведаміў, што пасля сустрэч з Уладзімірам Зяленскім, Дональдам Трампам і Эмануэлем Макронам галоўная задача – аднавіць дыялог і знайсці шлях да міру. Паводле яго, Лондан і Парыж разам з Кіевам распрацуюць ініцыятыву для ўрэгулявання сітуацыі, пасля чаго яе разгледзяць у Вашынгтоне. Стармер падкрэсліў, што падтрымка Украіны застанецца нязменнай.
Лідары краін Балтыі не ўдзельнічаюць у лонданскім саміце. Па дадзеных дыпламатычных крыніц, на якія спасылалася брытанская тэлекампанія Sky News, яны былі “вельмі незадаволеныя” тым, што іх не запрасілі на гэтую сустрэчу.
* * *
Сёння ў Лондане адбываецца міжнародны саміт, прысвечаны пытанням бяспекі і падтрымкі Украіны. У ім прымаюць удзел кіраўнікі еўрапейскіх дзяржаў, у тым ліку прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармэр, кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і генеральны сакратар NATO Марк Рутэ.

Форум адбываецца на фоне няпростых перамоваў паміж Вашынгтонам і Кіевам. Напярэдадні прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Белы дом, дзе яго сустрэча з Дональдам Трампам і віцэ-прэзідэнтам Вэнсам скончылася рэзкай спрэчкай. У выніку запланаванае падпісанне эканамічнай дамовы было сарвана.
Еўрапейскія лідары, у тым ліку Стармэр і Эмануэль Макрон, спрабуюць змякчыць сітуацыю і пераканаць Трампа не адмаўляцца ад падтрымкі Украіны. Палітыкі разглядаюць магчымасць новых механізмаў бяспекі для Кіева і ўдзелу міратворцаў у рэгіёне. Тым часам Зяленскі застаецца адкрытым да дыялогу, падкрэсліваючы, што Украіне патрэбны гарантыі бяспекі.






