Сённяшні Госць Рацыі — палітычны аглядальнік інфармацыйнага агентства «Позірк» Аляксандр Класкоўскі. Абмяркоўваем з ім важныя палітычныя падзеі апошніх дзён — мірнае пагадненне паміж Украінай і Расеяй, меркаванае вызваленне палітвязняў, сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі.

РР: Адносна гэтых вось вызваленых украінцаў, як Вы лічыце, што гэта за людзі?
Аляксандр Класкоўскі: Што да гэтых украінцаў, якіх вызвалілі ў Беларусі, якіх памілаваў Лукашэнка, то поўнай карціны, хто яны такія, у нас няма. Мы можам толькі часткова пра гэта меркаваць. У прыватнасці, прадстаўніца АПКБ Вольга Зазулінская сказала, што ёсць чатыры, як мінімум, палітычныя зняволеныя, у тым ліку 18-гадовая Марыя Місюк. Гэта дзяўчына, якую арыштавалі, калі яна яшчэ непаўнагадовай была і абвінавацілі, што яна нейкую экстрэмісцкую суполку нібыта стварыла, жывучы ў Беларусі. Яшчэ называлася прозвішча грамадзяніна Украіны Міхаіла Сталерчука, які паводле звестак АПКБ, ёсць палітзняволеным. Яшчэ былі звесткі пра некалькіх чалавек з гэтай групы вызваленых украінцаў, і там цяжка сказаць, што сапраўды стаіць за іх арыштам і турэмнымі тэрмінамі. Таму што іх, у прыватнасці, абвінавачвалі ў агентурнай дзейнасці. Вядома, што вызвалілі маці чатырох дзяцей Лідзію Грук. Яна прызнае, што так, мы дапамагалі ўкраінцам, дакладней яе муж, якому ўляпілі аж 24 гады калоніі. Фармальна так, гэта агентурная дзейнасць нібыта, крымінальнае злачынства, але фактычна гэта можна разглядаць як украінскі патрыятызм. Я думаю, што значная частка гэтых людзей так ці іначай іх арышты і зняволенне ў турме ў Беларусі мелі пад сабой палітычны падтэкст.
РР: Навошта такі жэст уладам Беларусі, Лукашэнку? Што, якія бенефіты яны атрымаюць з гэтага? Бо наўрад ці гэта акт добрай волі.
Аляксандр Класкоўскі: Ну так. У той жа дзень выступіла прэсавая сакратарка Лукашэнкі Эйсмант і яна падкрэсліла, што гэта быў гуманны крок. Канешне, ніхто ў гэта не верыць. Ведаем мы гэты “гуманізм Лукашэнкі” па 2020-м годзе, па тых рэпрэсіях, якія не спыняюцца дасюль. Канешне, гэта палітычная гульня, вельмі меркантыльная гульня. І паказальна, што тая ж Эйсмант падкрэсліла ў гэтым жа спічы перад медыямі, што працягваюцца актыўныя перамовы з ЗША і з іншымі замежнымі партнёрамі. То бок, я думаю, што Лукашэнка найперш хоча адзначыцца перад Трампам. Бо спецпасланнік Трампа ў пытаннях Беларусі Джон Коўл пахваліў, так бы мовіць паляпаў Лукашэнку па плячы за гэты крок і падкрэсліў, што “мы працуем над буйнейшымі мэтамі”. Тут можна згадаць у звязку з гэтым і нядаўні твіт самога Трампа, які падкрэсліў, што Коўл працуе над вызваленнем яшчэ 50 закладнікаў.
Лукашэнка спяшаецца. Чаму? Таму што цяпер прыспешыўся вось гэты мірны працэс вакол Украіны, як вядома абмяркоўваецца вельмі горача “план Трампа”, там і Еўропа ўдзельнічае, і Кіеў, але нават у першапачатковым варыянце з гэтых 28 пунктаў няма ні слова пра Беларусь. Я думаю, што Лукашэнку гэта напружвае. Пікантнасць сітуацыі яшчэ ў тым, што па некаторых звестках, гэты план падрыхтаваны быў першапачаткова ў Маскве і перакінуты ў Вашынгтон. І сапраўды, ён збольшага на карысць Масквы. Тут пытанне ў тым, ці ўдасца Зяленскаму нешта адбіць, дамагчыся больш выгадных умоваў, але ў любым выпадку, гэта цяжкі мір для Украіны вымалёўваецца. І там няма Лукашэнкі ў гэтым працэсе. Калі Масква гэта падрыхтавала, то аказваецца, Пуцін не надта думае пра нейкую самастойнасць Лукашэнкі – гэта мякка кажучы. Ён баіцца пасля заканчэння вайны застацца адзін на адзін з Крамлём. Гэта нічога добрага яму не абяцае. І ўся гэта гульня з Амерыкай – спроба неяк засведчыць сваю палітычную суб’ектнасць, неяк уклішчыцца ў мірны працэс, знайсці нейкае месца ў выбудоўванні новай архітэктуры бяспекі ў рэгіёне. І ўмацаваць нейкую адносную незалежансць ад Масквы. Хоць калі Вашынгтон не надта хоча нават надзейныя гарантыі Украіне даваць, то што казаць пра Беларусь? Канешне, Лукашэнка баіцца, бо яму ніхто ніякіх гарантый не дасць.
Другі момант – гэта падгуляць Украіне, паспрабаваць навесці нейкія масты з Кіевам.
Аляксандр Класкоўскі адзначае, што падзеі апошнім часам разгортваюцца вельмі імкліва, на шчасце, есць шанец на вызваленне вялікай группы палітвязняў на гэтым фоне.
Цалкам гутарка:
Алеся Вербаловіч, Беларускае Радыё Рацыя





