Аляксандар Лукашэнка 12 снежня сустрэўся з прадстаўнікамі каманды прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на чале са спецыяльным пасланнікам ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. Плануецца, што перамовы працягнуцца заўтра. Таксама ў СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што чакаецца вызваленне 150 беларускіх палітвязняў.

Абмяркуем асноўныя палітычныя навіны з Госцем Рацыі – палітычным аналітыкам Паўлам Усавым.
РР: Нібы радасная інфармацыя, але ці не пераацэньваем мы гэтыя навіны?
Павел Усаў: Безумоўна, хтосьці з палітычных зняволеных будзе вызвалены. Дакладную лічбу наўрад ці нехта акрамя Лукашэнкі можа назваць. Але гэты перамоўны працэс заўсёды падмацоўваўся рэальнымі крокамі па вызваленні з боку рэжыму Лукашэнкі. Тым больш, што амерыканцы таксама ў некаторых пытаннях пайшлі насустрач, напрыклад, зняццё санкцый з “Белавія”. І чакалася, што працэс будзе ісці больш інтэнсіўна, але ён быў сарваны тымі кантрабандысцкімі ці гібрыднымі атакамі з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Літвы. І гэта прывяло да вельмі эмацыйнага рашэння па закрыцці межаў. І гэта менавіта спыніла працэс перамоваў, якія былі для Лукашэнкі даволі важнымі. І зараз перад Новым годам гэта ідэалагічна выгадна як для Адміністрацыі Трампа дасягнуць нейкіх зрухаў з палітычнымі вязнямі ў гуманітарным пытанні, і таксама для Лукашэнкі, які намагаецца ўсё ж такі наблізіцца ў адносінах і да ЗША і таксама вырашыць пытанні, звязаныя з напружанай сітуацыяй на мяжы. І канешне гэта будзе ў пэўным сэнсе адказ на тое, што польскі бок адкрыў межы, пераходы для Беларусі, для транспарту і пасажыраў. І гэтая магчымасць, канешне, пашырыць, інтэнсіфікаваць перамоўны працэс і працэс, звязаны з вызваленнем палітвязняў.
РР: Падчас размовы з Коўлам з вуснаў Лукашэнкі прагучала, што “нешта мы павінны зрабіць у сувязі з гэтым. І мы зробім”. Гэта пра палітвязняў вядзецца размова? Ці гэта больш шырокая нармалізацыя стасункаў? Што меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка?
Павел Усаў: Ясна, што гэта не палітвязні. Палітвязні – гэта тавар, які проста выстаўляецца на аўкцыён. Я думаю, што ў гэтай фразе сканцэнтраваныя два пытанні – гэта перш за ўсё канфлікт літоўска-беларускі, звязны з тым што на тэрыторыі Беларусі заблакавана больш за тысячу фураў, якія Лукашэнка не жадае без кампенсацыі выдаваць Літве. Канфлікт нарошчваецца. Гэта першы момант.
Другі момант – гэта пашырэнне дыпламатычнай прысутнасці ЗША ў Беларусі і гэтае пытанне стаяла на павестцы, каб вярнуўся амбасадар і напоўніцу запрацавала Амерыканская амбасада ў Беларусі для легітымізацыі Лукашэнкі, для далейшага прарыву вельмі важна. Ну і, канешне, Лукашэнка не быў бы Лукашэнкам, калі б у гэтыя перамовы не ўставіў пытанні, звязаныя з Украінай. Што ён працягвае быць важным ланцужком у гэтых перамовах, каб Трамп і ягонае атачэнне не скідвалі Лукашэнку з рахункаў, тым больш што ў перамоўным працэсе з расейцамі наўпрост удзельнічае зяць Трампа Кушнер, які наведваў Беларусь. І пытанне перамоваў і заключэння міру для Лукашэнкі вельмі важнае ў тым сэнсе, што ён жадае ўпісацца не толькі ў палітычным сэнсе, каб падняць сваю вагу ў міжнародных адносінах, але таксама і атрымаць нейкія гарантыі бяспекі, і ў тым ліку гарантыі бяспекі ў стасунках з Масквой. Якія могуць быць гэтыя гарантыі, цяжка сказаць, але тое, што пытанне Беларусі ў кантэксце мірных перамоваў можа паднімацца, у тым ліку ў размовах з Коўлам, магчыма. Бо для Лукашэнкі пытанне палітвязняў другаснае. І ён за вырашэнне пытання вязняў хацеў бы вырашыць глабальную праблему месца Беларусі, у тым ліку далейшае зняццё санкцый.
Цалкам гутарка:
Беларускае Радыё Рацыя






