Аляксандр Лукашэнка гатовы мяняць палітвязняў толькі на нешта вельмі каштоўнае, такое як, напрыклад, поўнае зняццё санкцыяў ці налаждванне стасункаў з Захадам. Бо гандль палітычнымі закладнікамі — гэта ў нейкім сэнсе продаж “фамільнага срэбра”. Найбольш важнымі для яго з’яўляюцца такія асобы як Анджэй Пачобут ці Алесь Бяляцкі, — перакананы беларускі юрыст і палітык, кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2010 году Алесь Міхалевіч:
– Для Лукашэнкі заўсёды былі завышаныя чаканні што да палітвязняў. Ён іх у нейкім сэнсе згадвае як «фамільнае срэбра». Ён калісьці так казаў пра прадпрыемствы, дык вось у нейкім сэнсе для яго Алесь Бяляцкі, Анджэй Пачобут і іншыя ключавыя палітвязні – гэта такое «фамільнае срэбра», якое ён гатовы мяняць, або прадаваць вельмі-вельмі дорага.

Цяперашняя сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі характарызуецца працяглымі рэпрэсіямі і вялікай іх колькасцю — больш чым 1200 чалавек. Рэжым Лукашэнкі працягвае палітычна матываваныя арышты і суды, у тым ліку сумнавядомую «справу Гаюна».
Тым часам беларускія ўлады вядуць закулісныя перамовы са Злучанымі Штатамі, якія дамагаюцца вызвалення больш за 100 зняволеных у межах адзінага пагаднення, што разглядаецца як патэнцыйны жэст да змякчэння санкцый.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






