Прэмʼер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф наведвае Беларусь з афіцыйным візітам. 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка правёў з ім перамовы ў палацы Незалежнасці ў Менску, піша БЕЛТА.

Падчас прэс-канферэнцыі Лукашэнка сказаў, што гатовы прыняць на працу ў Беларусі да 150 тысяч пакістанцаў і «стварыць ім неабходныя ўмовы для працы». У выніку перамоваў таксама падпісалі пагадненне аб вайсковым супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Пакістанам, а таксама дарожную мапу вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2025–2027 гады.
Бакі таксама падпісалі шэраг дакументаў аб супрацы, сярод якіх міжурадавае пагадненне Беларусі і Пакістану аб рэадмісіі, пагадненне аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачыннасцю паміж МУС дзвюх краін, пяць мемарандумаў і пагадненняў у галіне эканамічнай супрацы.
Раніцай 10 красавіка ў Менску ў фармаце бізнес-форуму прайшла Беларуска-пакістанская дзелавая рада, а ўвечары Лукашэнка правёў з Шагбазам Шарыфам амаль трохгадзінную нефармальную сустрэчу.






