Цяпер любы еўрапейскі палітык можа пачуць — з кім вы збіраецеся размаўляць? З чалавекам, справа супраць якога разглядаецца ў Гаазе?

12 сакавіка з’явілася інфармацыя, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі. Офіс пракурора МКС пачаў расследаванне на зварот Літвы супраць менскага рэжыму, «прыйшоўшы да высновы, што ёсць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы паводле Рымскага статута былі здзейсненыя як мінімум часткова на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі».
Паведамляецца, што папярэдняе вывучэнне гэтай справы праводзілася з 30 верасня 2024. Літва звярнулася да Офіса пракурора МКС «з просьбай расследаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя ў Рэспубліцы Беларусь (якая не з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай МКС), заяўляючы, што частка элементаў гэтых злачынстваў была здзейсненая на тэрыторыі Літвы, якая з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай».
Варта прааналізаваць палітычныя наступствы гэтага рашэння для ўладаў Беларусі і задацца пытаннем, як яно паўплывае на міжнародны імідж Лукашэнкі і ягоныя магчымасці весці нейкія перамовы з замежнымі палітыкамі.
Напрыклад, для адміністрацыі Трампа гэта, хутчэй за ўсё, не мае істотнага значэння, і ідэалагічна, і фармальна-юрыдычна – бо ЗША не ўдзельнічаюць у працы МКС і не прызнаюць ягоную юрысдыкцыю.
Аднак для еўрапейскіх краінаў гэта вельмі важны чыннік. Уявіце сабе, як па-іншаму зараз выглядаюць перспектывы нейкага «дыялогу», «дамоўленасцяў» з Лукашэнкам для еўрапейскіх палітыкаў. Калі ўявіць, што нехта з іх раптам выйдзе на нейкія рэальныя перамовы з кіраўніком Беларусі, то як на гэта адрэагуюць прэса і палітычныя колы і гэтай краіны і ў цэлым Еўропы? З кім вы збіраецеся размаўляць? З чалавекам, справа супраць якога разглядаецца ў Гаазе?
Варта нагадаць, што МКС мае права выдаваць ордэр на арышт грамадзян краін, якія не ўваходзяць у суд – такіх, як Беларусь і Расея. І гэта паўплывае і на маршруты замежных паездак Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку на нейкія міжнародныя форумы. Цяпер ён напэўна не паляціць у тыя краіны, якія прызнаюць юрысдыкцыю МКС. Нават у варыянце Пуціна, кіраўніка ядзернай дзяржавы, праблемы ягоных замежных візітаў кожны раз абмяркоўваюцца з пункту гледжання ордэра на арышт Пуціна, які быў выдадзены супраць яго яшчэ ў 2023 годзе.
А што ўжо казаць пра ўкраінскі накірунак. Лукашэнка ўвесь час вайны спадзяецца стаць нейкім пасярэднікам, жадае, каб магчымыя мірныя перамовы праходзілі на беларускай тэрыторыі. Але ў сувязі з апошнімі радыкальнымі зменамі ў стаўленні Кіева да афіцыйнага Менска, ды і ў сувязі з заведзенай МКС справай супраць Лукашэнкі, уяўляецца малаімаверным, што ўкраінскі бок пажадае сесці з ім за адзін стол перамоваў.
Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя






