Аляксандр Лукашэнка мае намер наведаць Пакістан 25 лістапада, паведаміла ў нядзелю агенцтва ARY News са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.

“Мэта візіту – умацаванне двухбаковых сувязей і вывучэнне новых напрамкаў супрацы ў розных галінах паміж дзвюма краінамі”, – гаворыцца ў паведамленні. Па словах крыніцы, падчас візіту будзе падпісана дарожная мапа гандлю паміж Пакістанам і Беларуссю.
Падчас знаходжання ў Пакістане Лукашэнка плануе сустрэцца з прэзідэнтам краіны Асіфам Алі Зардары, прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам і ваенным кіраўніцтвам.
Бакі абмяркуюць пашырэнне супрацоўніцтва ў галіне сучасных метадаў і абсталявання для сельскай гаспадаркі, умацаванне гандлёвых сувязей і актывізацыя двухбаковага гандлю, бяспекі і абаронных адносін таксама стануць прадметам абмеркавання паміж бакамі. Пакістан выказаў вялікую зацікаўленасць у супрацоўніцтве ў сектары вытворчасці трактароў, падкрэсліўшы вопыт Беларусі ў сферы сельскагаспадарчай тэхнікі.
У кастрычніку Пакістан наведваў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Ён сустракаўся з кіраўніком урада Пакістана, а таксама з начальнікам штаба арміі Пакістана Асімам Мунірам. Бакі абмяркоўвалі “рэгіянальную дынаміку і ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва паміж краінамі ў галіне бяспекі і абароны”.






