Беларусь не будзе публічна паведамляць пра залёты расейскіх і ўкраінскіх беспілотнікаў на сваёй тэрыторыі. Разбірацца з суседзямі Менск мае намер «на ўзроўні спецыялістаў». Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з грамадзянамі ў Мікашэвічах.

Беларусь не будзе публічна паведамляць пра залёты расейскіх і ўкраінскіх беспілотнікаў на сваю тэрыторыю. Разбірацца з суседзямі Менск мае намер “на ўзроўні спецыялістаў”. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з грамадзянамі ў МІкашэвічах.
Дыктатар зазначыў, што Украіна і Расея вырабляюць мільёны беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў вайне, а “кіраваць імі яшчэ не ўмеюць”.
“Таму часта гэтыя беспілотнікі, якія запускаюцца за Кіеў і далей, у заходнюю Украіну з боку Расеі, – супраць іх яшчэ сістэмы электроннай барацьбы працуюць, збіваюць іх са шляху. І яны то налева, то направа залятаюць, губляюць арыентацыю”, – кажа Лукашэнка.
Паводле яго слоў, некалькі такіх выпадкаў было з абодвух бакоў, і калі ў Менску “жорстка крытыкавалі ўкраінцаў”, у адказ украінскі бок нібыта папракнуў Менск, маўляў, чаму той не крытыкуе Маскву за аналагічныя здарэнні з расейскімі дронамі.
“Добра, тады Саламонава рашэнне. Мы ў сродках масавай інфармацыі не будзем ні адзін бок крытыкаваць, ні другі, і абурацца не будзем. А будзем разбірацца на ўзроўні спецыялістаў”, – заявіў дыктатар.
Пры гэтым Лукашэнка запэўніў, што беларуская СПА збівае шмат беспілотнікаў, не разбіраючыся, украінскія яны ці расейскія.






