Закон быў падпісаны неўзабаве пасля менскай сустрэчы з Пуціным, але не прадугледжвае выхаду з пагаднення, а толькі яго прыпыненне.

Сітуацыю каментуе ваенны эксперт, старшыня Асацыяцыі беларускіх ветэранаў ва Украіне – Андрэй Кушняроў:
– Для Беларусі гэта сапраўды не было нечаканасцю. У прынцыпе сама дамова ўжо досыць даўно памірае, увогуле ўсе краіны вакол Беларусі ўжо прыпынілі яе дзеянне. Гэта значыць, поўнае спыненне яе дзеяння было чакана. Ці звязана гэта з візітам Пуціна? І так і не. То бок, нават калі б не было візіту Пуціна, дамова ўсё роўна непрацаздольная. Але да візіту Пуціна прымеркаванае прыпыненне яе дзеяння. Гэта прыгожы жэст да прыезду Пуціна, не больш за тое. Калісьці на будучыню, гадоў праз 10 Лукашэнка, улічваючы яго ўзрост, пакідае сабе нейкі зачын для таго, каб яшчэ вярнуцца да захавання дамовы.
ДЗУСЕ быў падпісаны ў лістападзе 1990 года прадстаўнікамі 22 краін. Удзельнікі пагаднення дамовіліся абмежаваць колькасць баявых танкаў і машын, артылерыі, ударных верталётаў і баявых самалётаў, якія ёсць у іх распараджэнні на тэрыторыі ад Атлантычнага акіяна да Уральскіх гор.
Беларускае Радыё Рацыя






