Ва Украіне прайшоў круглы стол, прысвечаны тэме ядзернага шантажу і ваеннай супрацы ў саюзе Расеі і Беларусі. У межах дыскусіі былі прадстаўлены два новыя аналітычныя даследаванні, а таксама абмеркаваныя тры магчымыя сцэнары эскалацыі, якія ўключаюць выкарыстанне ядзернага фактару як сродку ціску і дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне.
Якую ролю ў гэтым адыгрывае Беларусь? Ці можа яе тэрыторыя быць выкарыстана для рэальнага ядзернага ўдару па Украіне? І што рэальна пагражае Польшчы і Літве, калі гэты сцэнар пойдзе па найбольш небяспечным шляху?

Пра гэта і не толькі — распавядзе Госць Рацыі, даследчык Праграмы расейскіх і беларусістычных даследаванняў Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма», адзін з аўтараў даследаванняў, прадстаўленых на круглым стале, Павел Радзь.
РР: Раскажыце, для чаго праводзіўся круглы стол і ці можам мы сказаць, што цяпер асноўнае пытанне для ўкраінцаў – ці можа быць рэальнае прымяненне ядзернай зброі з боку Расеі і з тэрыторыі Беларусі?
Павел Радзь: Круглы стол праводзіўся для таго, каб прааналізаваць пэўны сцэнар развіцця падзей і зразумець, у якім кірунку можа далей развівацца сітуацыя, у тым ліку сыходзячы з заяў з боку як рэжыму Лукашэнкі, так і Масквы пра тое, што ядзерная зброя нібы была размешчана на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. З іншага боку, мы не можам казаць пра тое, што гэтае пытанне з’яўляецца прэвалюючым для Украіны. Хоць выкарыстанне ядзернага шантажу, у тым ліку для ціску на заходніх партнёраў, застаецца ў полі нашай увагі і мы яго актыўна адследжваем. Гэта не абавязкова мае прывесці да нейкай эскалацыі, гэта як механізм маніпуляцыі і ціску з боку Масквы, а не рэальная пагроза, якая можа стаць яўнай.
РР: У чым Вы бачыце галоўную рызыку для рэгіянальнай бяспекі ад ваенна-палітычнай інтэграцыі Расеі і Беларусі?
Павел Радзь: Асноўная рызыка палягае на тым, што ў выпадку далейшай пагрозы суверэнітэту Беларусі і далейшага ўцягвання Беларусі ў сферу ўплыву Расеі, мы апынемся ў сітуацыі, калі тэрыторыя Рэспублікі Беларусь можа стаць такім майданчыкам для больш агрэсіўных дзеянняў супраць краін-членаў НАТА. Перадусім гэта тычыцца краін Балтыі, што абумоўлена досыць ўразлівым геаграфічным размяшчэннем, у тым ліку Літвы, памятаем пра Сувальскі калідор, таксама Вільня размешчана досыць блізка да мяжы з Беларуссю, што робіць яе ўразлівай для нейкіх атак ці правакацый. Таму, калі расейска-украінская вайна завершыцца нейкім вынікам, які Масква палічыць пазітыўным для сябе, то ёсць рызыка таго, што пад удар могуць патрапіць іншыя дзяржавы. І ў гэтым мы бачым вялікую рызыку для еўрапейскай рэгіянальнай бяспекі.
Цалкам гутарка:








Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя






