BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лукашэнка пераацэньвае «вашынгтонскі абком»

У ноч на 15 сакавіка аэрапорт Вільні зноў прыпыняў сваю працу. Паветраная прастора была зачынена на 2 гадзіны, бо былі заўважаныя навігацыйныя пазнакі, якія нагадваюць метэазонды з кантрабандай.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Такім чынам, з Беларусі ў Літву зноў паляцелі метэазонды з кантрабандай. Заканамерна будзе задацца пытаннем, ці не выпадкова гэта адбылося адразу пасля таго, як Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачаў расследаванне аб злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі па пазову, пададзенаму Літвой?

Другая акалічнасць, якая дае падставы меркаваць пра невыпадковасць чарговага з’яўлення метеазондаў – 18 сакавіка ў Літву прыедзе Спецыяльны пасланнік ЗША ў Беларусі Коўл, пасля чаго накіруецца ў Менск.

Яўна, што менскі рэжым вырашыў паказаць, што па-ранейшаму можа асіметрычна адказваць на дзеянні Літвы. Маўляў, мы па-ранейшаму маем розныя рычагі ўздзеяння на Вільню. З іншага боку, прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандар Турчын 17 сакавіка правёў сустрэчу з літоўскімі і польскімі перавознікамі, падчас якой заявіў, што грузавікі з літоўскімі нумарамі не будуць канфіскоўваць, але плату за іх «захоўванне» спагоняць. «Нашае жаданне – канструктыўна дамовіцца і выйсці са складанай сітуацыі», – заявіў прэм’ер-міністр Беларусі. Маўляў, глядзіце, якія мы, можам па-добраму, а можам і па-кепскаму.

І відавочна, што ўся гэтая актыўнасць на літоўскім накірунку – сігнал і Літве і ЗША напярэдадні прыезду Коўла. Афіцыйны Менск разлічваў і разлічвае, што амерыканцы не толькі здымуць свае ўласныя санкцыі, але і неяк паўплываюць па пазіцыю еўрапейскіх суседзяў Беларусі. Бо нават поўнае скасаванне амерыканскіх санкцыяў без аслаблення еўрапейскіх санкцыяў мала чым дапамагае Беларусі з эканамічнага гледзішча.

Але рызыкну спрагназаваць, што спадзяванні Лукашэнку на тое, што Вашынгтон націсне на Еўропу, каб тая змяніла сваю пазіцыю, збольшага марныя. Па-першае, паміж цяперашняй адміністрацыяй Дональда Трампа і Еўразвязам на сёння ўсё больш разыходжанняў па многіх пытаннях. Магчыма, Аляксандр Лукашэнка сапраўды лічыць, што «вашынгтонскі абкам» можа загадаць «райкаму ў Бруселі» – але ў рэальнасці гэта далёка не так. Па-другое, У Вашынгтона хапае сваіх праблемаў і інтарэсаў у адносінах з Беларуссю – каб яшчэ брацца за фактычна малапад’ёмную задачу змяніць стаўленне Еўропы.

У любым выпадку, тое, што Менск вырашыў праявіць «гуманнасць» і «разуменне» у гісторыі з літоўскімі перавозчыкамі – кажа пра тое, што Беларусь чакае нейкага кроку, нейкай саступкі ў адказ ад ЗША і Літвы. Ці дачакаецца – убачым па выніках візіту Коўла.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя