BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі вызвалены 123 палітвязні

123 беларускія палітвязні на волі. Аднак Лукашэнка ў апошні момант змяніў маршрут вывазу палітычных зняволеных. Пра гэта паведаміла лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская. Дэмакратычныя сілы планавалі сустракаць усіх у Літве, але цяпер трэба «мяняць лагістыку», каб вывезці людзей з Украіны ў Літву ці Польшчу.

* * *

З’явіўся спіс вызваленых беларусаў, што былі вывезеныя ва Украіну. Яго публікуе @hochu_zhyt.

* * *

У Літву прывезлі Нобелеўскага лаўрэата і праваабаронцу Алеся Бяляцкага разам з 7-мю замежнымі палітвязнямі, у іх ліку ёсць грамадзянін Польшчы і Аўстраліі. Але Анджэя Пачобута сярод іх няма. І гэтым разам яго не вызваліў лукашэнкаўскі рэжым.

Як сустракалі Алеся Бяляцкага ды іншых палітвязняў у Вільні, слухайце ў рэпартажы нашай карэспандэнткі ў Літве Таццяны Смоткінай:

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі паведаміў, што не пісаў заяву аб памілаванні, а пашпарт яму аддалі ужо ў Вільні:

-Праз усю Беларусь з усходу на захад я праехаў з завязанымі вачыма.  І тут, натуральна, я яшчэ не магу прыйсці ў сябе, таму што гэта вялікі эмацыйны ўдар для мяне. За гэты час я паспеў пагаварыць толькі з маёй жонкай. Я, вядома, вельмі рады таму, што я на свабодзе. Я разумею, каб гэта здарылася, трэба было правесці вялікую працу. І мы выйшлі на свабоду, дзякуючы намаганням многіх тысяч людзей, у першую чаргу амерыканскіх дыпламатаў.

Украіна даставіць тых з вызваленых палітвязняў, якія пажадаюць гэтага, у краіны ЕЗ. Пра гэта заявілі ў Каардынацыйным штабе па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Украіны: «Вызваленыя грамадзяне Беларусі, пасля аказання неабходнай медыцынскай дапамогі і па іх жаданні будуць дастаўлены ў Польшчу і Літву».

Відэа Александрыны Глагольевай

* * *

На волі Вікторыя Кульша. Яе вызваленне пацвердзіў «НН» украінскі праект «Хачу жыць».

Іншыя палітзняволеныя білі трывогу пра яе стан здароўя. Жанчыну некалькі разоў судзілі паўторна па 411-м артыкуле і перавялі ў калонію ў Зарэччы. Агулам тэрмін склаў 6,5 года.

Таксама вызвалены Максім Сенік з «Гродна Азот» Яго засудзілі на 4 гады за «абразу Лукашэнкі» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

* * *

Сярод вывезеных ва Украіну палітвязняў – прадстаўнікі выбарчага штабу Бабарыкі 2020 году Марыя Калеснікава, Максім Знак і ўласна Віктар Бабарыка. Свой першы каментар ён даў украінскаму праекту «Хачу жыць»:

-За што мяне пасадзілі? За жаданне зрабіць у Беларусі жыццё лепшым. Як сказаў мой сын, які, на жаль, пакуль яшчэ знаходзіцца ў месцах зняволення, мой артыкул – маё прозвішча.

Як паведамлялася, вызваленне адбылося пасля двухдзённых перамоў спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла і Лукашэнкі. Усе 123 вызваленыя палітвязні зназодзяцца ў бяспецы і за межамі Беларусі.

На волю выйшла і былая галоўная рэдактарка парталу Тут-бай Марына Золатава. Яна кажа:

-Я рада, што выйшла на волю не праз 12 гадоў, а праз чатыры з паловай. Вельмі радая таму, што, спадзяюся, у бліжэйшы час змагу абняць сваіх родных.

* * *

* * *

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі аб вызваленні Алеся Бяляцкага.

«Нобэлеўскі ляўрэат і кіраўнік «Вясны» быў вызвалены і прымусова дэпартаваны ў Літву пасля 1613 дзён за кратамі», — адзначаецца ў паведамленьні.

YouTube player

Стала вядома, што Марыя Калеснікава на свабодзе. Яна ўжо паразмаўляла з сястрой, Таццянай Хоміч. Палітвязняў вязуць у Вільню.

На волі вясновец Уладзь Лабковіч. Таксама ў папярэднім спісе вызваленых грамадзянін Польшчы Роман Галуза, грамадзянін Аўстраліі Аляксандр Сырыца, грамадзянка Латвіі Ганна Сакаленка, грамадзянка ЛітвыМарыя Батальёнак. Сярод вызваленых і былы адвакат і праўнік штабу Віктара Бабарыкі Максім Знак, журналісткаМарына Золатава. На волі і Віктар Бабарыка.

Першыя фота на волі Марыі Калеснікавай і Віктара Бабарыкі
Фота: t.me/hochu_zhyt

Таксама на волі палітолаг Аляксандр Фядута, асуджаны да 10 гадоў калоніі па “справе змоўшчыкаў”. У яго сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Павел Севярынец на свабодзе. Вызваленая Алена Гнаук.

Фота: t.me/hochu_zhyt

Як паведамляе МЗС Польшчы, сярод вызваленых няма журналіста Анджэя Пачобута. . Польшча гадамі дамагаецца яго вызвалення і нават закрывала праз яго зняволенне пераход «Баброўнікі».

Усе вызваленыя палітвязні дэпартаваныя з Беларусі.

Беларусь разам з украінцамі перадала Украіне і 104 беларускіх грамадзян, паведамляе Радыё Свабода.

Цяпер, як вынікае з паведамленьня ўкраінскага праекту «Хачу жыць», ва Украіне знаходзяцца Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Павал Севярынец і Марыя Золатава.

У Амбасадзе ЗША ў Літве паведамілі, што на літоўскую тэрыторыю вывезлі толькі 9 беларускіх палітвязняў. Яны знаходзяцца цяпер у Вільні.

* * *

123 беларускія палітвязьні на волі. Аднак Лукашэнка ў апошні момант змяніў маршрут вывазу палітітычных зняволеных. Пра гэта паведаміла лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская. Паводле яе слоў, сёння ў Вільні толькі чакаюць 8 чалавек, у іх ліку праваабаронца Алесь Бяляцкі і 7 замежнікаў. Дэмакратычныя сілы планавалі сустракаць усіх у Літве, але цяпер трэба «мяняць лагістыку», каб вывезці людзей з Украіны ў Літву ці Польшчу.

На сувязі зь Вільні нашая карэспандэнтка Таццяна Смоткіна:

-Святлана Ціханоўская з журанлістамі вядзе размову. Перад гэтым Дзяніс Кучынскі некалькі слоў сказаў пра тое, што дакладна выпусцілі 123 чалавек. Стала вядома, што большую частку павезлі ва Украіну. У Вільні будзе каля 6 палітвязняў, але пакуль мы з імі не сустракаліся. Ля Амбасады ЗША ў Вільні сабралася каля 60 чалаек, большасць гэта журналісты, у тым ліку ўвесь офіс “Вясны” сустракае Алеся Бяляцкага.

Людзі сабраліся каля пасольства ЗША ў Вільні, каб сустрэць вызваленых сёння палітвязняў. Святлана Ціханоўская сказала журналістам, што «мы на сувязі з польскім бокам і ўкраінскім, і з амерыканцамі, якія ўсё гэта каардынуюць».

Алесь Бяляцкі падзякаваў за сваё вызваленне дыпламатам ЗША. Праваабаронца заявіў, што не прасіў памілавання.

Франак Вячорка паведаміў, што правабаронцу Валянціна Стэфановіча не вызвалілі.

* * *

Прэс-служба Лукашэнкі заяўляе, што ўсяго за апошні час з улікам рашэнняў, прынятых у канцы лістапада, агульная колькасць памілаваных асоб складае 156 чалавек. Сярод іх — грамадзяне Вялікабрытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі й Японіі. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі паведаміў, што сярод вызваленых пяцёра ўкраінцаў. На гэтым фоне, як паведамлялася, ЗША здымаюць санкцыі з беларускага калію.

Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб памілаванні 123 палітвязняў, паведамляе ПулПервого. “Кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб памілаванні 123 грамадзян розных краін, асуджаных згодна з Законамі Рэспублікі Беларусь за ўчыненне злачынстваў рознай накіраванасці – шпіёнскую, тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасць”, – гаворыцца ў паведамленні.

У суботу Аляксандр Лукашэнка працягнуў перамовы са спецпрадстаўніком ЗША Джонам Коўлам.