BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Лукашэнка хоча даказаць Пуціну, што войска Беларусі баяздольнае

Аляксандар Лукашэнка 1 красавіка правёў нараду з вайскоўцамі, дзе падвёў вынікі маштабнай праверкі баягатовасці Узброеных сілаў Беларусі, якая пачалася 16 студзеня.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Сабраўшы ў залі каля 300 чалавек у пагонах, Лукашэнка заявіў: «Ніякага мірнага часу быць не можа. Мы рыхтуемся да вайны. І ў гэтай аўдыторыі, і не толькі ў гэтай, людзі павінны разумець – мы абсалютна супраць вайны. Асабліва нашы афіцэры, нашы салдаты, Узброеныя Сілы. Бо мы ведаем, што такое вайна», – сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, у часе вучэнняў, стваралі максімальна блізкія да рэальных выклікаў умовы. «Я б яшчэ больш дакладна сказаў, (блізкія) да вайны. Без скідак на надвор’е, час содняў і іншыя чыннікі, якія ўскладняюць выкананне баявых задач», – дадаў ён.

Дарэчы, фразу «мы рыхтуемся да вайны» ён паўтарыў два разы.

Уся сённяшняя прамова Лукашэнкі на гэтай нарадзе была красамоўным прыкладам нагнятання мілітарысцкай гістэрыі.

Нагадаю, маштабная праверка Узброеных сілаў Беларусі праходзіла з 16 студзеня і насіла раптоўны характар. Яе асаблівасцю стала тое, што Лукашэнка прыводзіў часткі ў баявую гатоўнасць напрамую, абыходзячы Міністэрства абароны і Генштаб. Ваеннаабавязаных сталі масава выклікаць у частцы з 16 лютага, позвы мужчынам прыносілі за лічаныя гадзіны да прапісанага ў іх часу, каб чалавек не паспеў падрыхтавацца ці нейкім чынам паспрабаваць пазбегнуць гэтага прызыву, потым людзей доўга трымалі ў ваенкаматах. Не рабілі ніякіх выключэнняў для маладых бацькоў

«Мы не жадаем войны. Але войска для таго і прызначанае: калі раптам хтосьці вырашыць з намі размаўляць і глядзець на нас праз прыцэл зброі – мы адкажам. Да гэтага рыхтуемся», – сказаў Лукашэнка. «Я хачу, каб мае падначаленыя былі гатовыя ваяваць. І калі мы будзем гатовыя ваяваць, нас будуць баяцца, і сюды ніхто не палезе. Вось мая мэта».

Рэальнасць такая, што ўсімі гэтымі праверка Лукашэнка толькі надзімае шчокі. На самой справе беларускае войска, магчыма, здольнае да абароны тэрыторыі і лакальных задач, але не гатовае да маштабнай сучаснай вайны самастойна. У адрозненні ад прафесійных войскаў заходніх краінаў (дзе таксама хапае сваіх недахопаў) у беларускім войску надта вялікая доля прызыўнікоў, якія служаць 1–1,5 года службы. Да таго ж, натуральна, беларускія вайскоўцы не маюць ніякага ўласнага баявога вопыту. Беларускае войска пераважна не мае сучаснага ўззбраення, у асноўным карыстаючыся старой савецкай тэхнікай. І дарэчы, бюджэт Беларусі на абаронныя мэты ў на 2026 год не павялічыўся – ён нават троху меншы чым у 2025 годзе.

І ўсім зразумела, што ў выпадку пачатку нейкай рэальнай вайны Беларусь хутчэй будзе дзейнічаць як частка расейскай сістэмы, а не самастойна. Але выглядае, для Лукашэнкі вельмі важна паказваць гаспадару Крамля, якое крутое ў Беларусі войска і як яно нібыта гатовае да вайны.

Віталь Цыганкоў, Беларускае Радыё Рацыя